Дырэктар РІКВ: Загаду аб зацвярджэнні новай методыкі ацэнкі ЦТ няма
Фота: intex-press.by
Загад Мінадукацыі аб ўжыванні з 2019 года новай методыкі ацэньвання цэнтралізаванага тэставання не паступаў у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар РІКВ Юрый Міксюк.
"Заўсёды ёсць нейкія працэдуры, якія трэба прайсці, перш чым з'явіцца той ці іншы дакумент, — кажа ён. — Нумара загаду ў мяне няма. У мяне былі даручэнні, якія я выканаў. Цяпер усё вырашаецца на ўзроўні Міністэрства адукацыі".
Ці азначае гэта, што пакуль сістэму не зацвердзілі на дзяржаўным узроўні і ў яе можна ўнесці нейкія папраўкі? У Мінадукацыі ўхіляюцца ад прамога адказу на гэтае пытанне, але заяўляюць: методыка ацэньвання ЦТ будзе прымяняцца ўжо ў навучальным годзе 2018/2019. "Сістэма была апрабаваная ў мінулым годзе, у гэтым яна будзе прымяняцца", — сказалі Еўрарадыё ў прэс-службе Мінадукацыі.
РІКВ: праўкі ў новую методыку малаверагодныя
У кастрычніку рэпетытары раскрытыкавалі новую методыку за тое, што ад яе выйграюць толькі двоечнікі. Сузаснавальнік цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт і яго аднадумцы заклікалі чыноўнікаў адмовіцца ад рэйтынгавай шкалы ацэньвання. Яны прапанавалі стварыць простую і зразумелую сістэму, якая б дазволіла ацаніць гатоўнасць абітурыента стаць студэнтам і супаставіць школьную адзнаку з вынікамі ЦТ:
"Для гэтага кожнаму заданню тэста ЦТ павінна адпавядаць пэўная колькасць балаў, каб у суме атрымлівалася сто балаў. Пры гэтым "кошт" кожнага задання павінен нарастаць па меры нарастання складанасці задання. Менавіта так ацэньваюцца кантрольныя і экзаменацыйныя работы ў школах".
Прапанова рэпетытараў доўгі час абмяркоўвалася карыстальнікамі сацыяльных сетак, але ў РІКВ робяць выгляд, што нічога не бачылі.
"Мы правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой адказалі на ўсе пытанні па новых правілах, — нагадвае Юрый Міксюк. — Па сутнасці методыкі ніякіх прэтэнзій, якія можна было б абмяркоўваць, не выказвалася. Малаверагодна, што ў сістэму ацэньвання унясуць нейкія папраўкі, але ў нашым жыцці можа быць усё што заўгодна".