Дырэктар школы: Унучкі Лукашэнкі выступаюць на канцэртах і класных уроках (фота)
Мінская гарадская музычная школы №10 адзначае сваё 45-годдзе. Журналісты партала tut.by наведалі будынак па вуліцы Энгельса, 1 і даведаліся, што менавіта тут вучацца Насця і Даша Лукашэнкі. Гэта дочкі Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына беларускага кіраўніка.
Дырэктарка школы Тамара Куніцкая паведаміла, што бацькі яе вучаніц — "сур'ёзныя людзі з уважлівым стаўленнем да дзяцей і школы".
"Вы не ўяўляеце, якія працавітыя ў іх дзяўчынкі, як сур'ёзна ставяцца да заняткаў. Калі трэба, дзеці выступаюць на канцэртах школы і класных уроках. Неяк яны прыхварэлі, я хвалявалася за канцэрт, у якім яны павінны былі выступаць. Але за два дні яны паправіліся і выступілі", — распавяла дырэктарка.
Па словах Куніцкай, унучкі Лукашэнкі маюць добрыя здольнасці. Яны атрымоўвалі першыя прэміі на міжнародных конкурсах, Гран-пры на конкурсе беларускіх талентаў. Дырэктарка распавядае, што маці Насці і Дашы прасіла не падаваць іх прозвішчы ў спецыяльны фонд прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, пакуль не будзе больш перамог. Гэтая сітуацыя цягнулася некалькі гадоў, і толькі ў 2015 годзе ўдалося падаць імёны дзяўчат у спецфонд, кажа кіраўніца школы.