Дзе людзі зарабляюць больш — у Расіі альбо ў Беларусі?

У сярэдзіне ліпеня расійская Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі публікуе дадзеныя аб сярэднім заробку ў краіне за чэрвень 2014 года — 975 долараў “бруднымі”. Пасля выплаты ўсіх падаткаў — 850. У Беларусі такімі прыбыткамі можа пахваліцца толькі сталіца — у правінцыі ўсё нашмат больш сціпла: сярэдні заробак там крыху большы за запаветныя 500 долараў.

Праўда, у гарадской бальніцы нумар 2 расійскага горада Бранска Еўрарадыё гавораць, што заробкі ў амаль тысячу долараў для іх — казка. Нават дактары тут зарабляюць удвая менш. Хоць пра заробкі памерам 30 тысяч расійскіх рублёў у горадзе таксама чулі.

“Я магу, напрыклад, сказаць пра нашае аддзяленне. У дактароў — 15 тысяч заробак, у медсясцёр — 9, у санітарак — 7-8. А па вобласці па-рознаму. Можа быць 30 тысяч заробак, 40 можа быць. А ў кагосьці і 6 тысяч бывае ў месяц. І 5 нават”.

15 тысяч расійскіх рублёў — гэта нешта каля 430 долараў. А 8 тысяч — усяго 220. Суразмоўніца адсылае мяне ў Маскву і Пецярбург. Маўляў, туды званіце, там назавуць акурат тыя лічбы, пра якія вы мяне тут пытаеце. А ў Бранску, Смаленску і Пскове — не.

Калі верыць ужо згаданай Федэральнай службе дзяржаўнай статыстыкі, то у расійскай адукацыі сярэдні заробак прыкладна роўны сярэдняму па краіне — 30 тысяч рублёў, каля 860 долараў. У Беларусі, згодна з Белстатам, настаўнікі зарабляюць у сярэднім каля 3,8 мільёна — нешта каля 370 долараў. У сельскай гаспадарцы разрыў меншы — 480 долараў у месяц у Расіі і каля 400 у Беларусі. Падобная сітуацыя і ў сферы гатэльна-рэстараннага бізнесу — 500 і 410 долараў адпаведна. І нават, вось дзе дзіва, у будаўніцтве. Згодна са статыстыкай, у Расіі будаўнікі ў сярэднім зарабляюць каля 30 тысяч рублёў у месяц — блізу 860 долараў. У Беларусі заробкі будаўнікоў ужо набліжаюцца да расійскіх — 700 долараў у сярэднім па сферы.

А вось у медыцыне разбежка. У Расіі медработнік у сярэднім атрымлівае каля 850 долараў у месяц. У Маскве і Пецярбургу, якім так зайздросціць згаданая на пачатку матэрыялу супрацоўніца Бранскай бальніцы, ужо толькі афіцыйна каля 1200-1300 долараў. Беларускі сярэднестатыстычны ўрач зарабляе значна менш — толькі 390.

Праўда, у нас таксама ёсць розніца паміж сталічнымі і правінцыйнымі медыкамі. Доктар адной з мінскіх бальніц Зміцер тлумачыць, што заробкі медыкаў насамрэч моцна вагаюцца. І залежаць нават ад таго, якія аперацыі за месяц рабіў той альбо іншы урач.

“Ад 4 мільёнаў да 10. 8-9 мільёнаў дакладна можа быць. Ёсць Указ прэзідэнта “Аб высокатэхналагічных умяшальніцтвах”. І там пералічаныя віды аперацый і маніпуляцый, якія павялічваюць аклад доктара нават удвая”.

Дактарам і медсёстрам з абласных і тым больш раённых цэнтраў зарабіць такія грошы нашмат складаней. Высокатэхналагічнага абсталявання там проста можа не быць. Таму іх заробкі можна цалкам параўнаць з заробкамі дактароў з Бранска ці Пскова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі