Дзецям у Беларусі пачалі рабіць прышчэпкі супраць COVID-19
Прышчапіцца ад COVID-19 са згоды бацькоў могуць дзеці з 12 гадоў / @minzdravbelarus
У Беларусі пачынаюць вакцынаваць супраць COVID-19 дзяцей з 12 гадоў, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Дзяцей прышчапляюць інактываванай кітайскай вакцынай (Vero Cell).
Калі дзіця хварэла на COVID-19, то зрабіць прышчэпку можна будзе не раней чым праз 6 месяцаў пасля перанесенай інфекцыі. Акрамя таго, бацькам трэба будзе падпісаць згоду на вакцынацыю.
Беларусь у наступным годзе плануе закупіць 4 мільёны вакцын супраць каранавіруса, паведаміла днямі дэпутат Таццяна Рунец. Пры гэтым да гэтага часу невядомы лёс вакцын, якія ЕС гатовы бязвыплатна перадаць Беларусі. Мінск адмовіўся іх прымаць. Тым не менш у цяперашні час Еўрапейская камісія рыхтуе чарговую партыю — да 12 мільёнаў доз для краін "Усходняга партнёрства". Частка з іх прызначана для Беларусі. "Спадзяемся, што ўлады Беларусі скарыстаюцца гэтай магчымасцю, таму што вакцыны — для людзей. Палітыка тут ні пры чым", — заўважыў днямі амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.