Намесніца кіраўніка ФІДЭ правяла дзень нараджэння дачкі ў РУУС
Анастасія Сарокіна з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) Аркадзем Дварковічам і міністрам спорту і турызму Беларусі Сяргеем Кавальчуком / З архіву БЕЛТА
Анастасія Сарокіна, старшыня федэрацыі шахмат Беларусі і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ), знікла 29 кастрычніка. З раніцы яна перастала выходзіць на сувязь, знайшлася толькі пасля абеду. Увесь гэты час яна знаходзілася ў Партызанскім РУУС Мінска.
Высветлілася, што яе з дому забрала міліцыя.
"Мне сказалі, што праводзіцца праверка дзейнасці федэрацыі шахмат. У працэсе размовы канфіскавалі тэлефон і флэш-карты, а потым адвезлі ў РУУС", — расказала Сарокіна парталу Tribuna.com
Яна так і не зразумела, на якой падставе ў яе канфіскавалі рэчы. Сказала, што адказала на ўсе пытанні, бо Федэрацыя максімальна адкрытая і выконвае закон. Аднак перад тым як адпусціць Сарокіну, ёй сказалі, што зноў выклічуць, калі з'явіцца неабходнасць. Раней Сарокіна падпісала калектыўны ліст спартоўцаў за новыя прэзідэнцкія выбары і супраць гвалту.
"Супрацоўнікі прыйшлі да нас дадому каля 8 раніцы, а выйшла з РУУС я каля трох дня — атрымліваецца, прыкладна сем гадзін правяла ў кампаніі прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Прыкладна столькі доўжыцца класічная партыя ў шахматы", — сказала яна.
У той дзень у дачкі Сарокінай быў дзень нараджэння. Адразу пасля міліцыі яна паехала па торт. Спартсменка прызнаецца, што гэтае свята яе сям'я запомніць назаўжды.
Сарокіна цяпер у Маскве, дзе вядзе перамовы з ФІДЭ аб мінімізацыі негатыўных наступстваў для Беларусі пасля адмовы ўладаў праводзіць шахматную алімпіяду. Праз гэтае рашэнне Беларусі можа пагражаць сур'ёзны штраф.
У студзені Сарокіну разам з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат Аркадзем Дварковічам і міністрам спорту і турызму Беларусі Сяргеем Кавальчуком прымаў Аляксандр Лукашэнка. Гаварылі аб правядзенні ў Мінску 45-й сусветнай шахматнай Алімпіяды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.