Дзевятоўскі катэгарычна супраць таго, каб Беларусь адмовілася ад Алімпіяды
Былы беларускі алімпіец, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі ўпэўнены, адхіляць усю зборную Расіі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе-2018 было не трэба. Па яго словах, калі на ўжыванні допінгу былі злоўленыя асобныя спартоўцы, то караць трэба іх, каб астатнія, “чыстыя”, не неслі групавой адказнасці.
Вадзім Дзевятоўскі: “Уявіце сабе спартсмена, які ніколі не парушаў антыдопінгавыя правілы, заўжды сумленна запаўняў форму месцазнаходжання, здаваў допінг-кантролі, і ўявіце сабе, што яму кажуць: “Ты не едзеш на Алімпіяду”. Бо ён нясе агульную адказнасць. Не будзем цяпер казаць пра сістэму ― тут вельмі тонкае пытанне, і словамі кідацца нельга, але станьце на месца гэтага сумленнага спартоўца. Так, ёсць віды спорту, якія могуць больш трапляць пад падазрэнне ― веласпорт, цяжкая і лёгкая атлетыка. Але возьмем фігурнае катанне ― я не чуў, каб там увогуле была праблема допінгу. І атрымліваецца, што ўсе расійскія фігурысты, якія задаюць тон у сусветным фігурным катанні, яны не паедуць. Ну, ці ў лепшым выпадку, яны трапляюць пад нейкія рамкі допуску: усё адно будзе пасяджэнне камісіі, якая будзе іх дапускаць ці не дапускаць да ўдзелу ў спаборніцтвах”.
Разам з тым, Дзевятоўскі катэгарычна супраць таго, каб беларуская зборная ў знак салідарнасці з расіянамі адмовілася ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе.
Дзевятоўскі: “Нельга забываць пра лёс спартсмена, лёс чалавека. Тут не трэба эмацыйна паддавацца. Я разумею абурэнне людзей, якія робяць такія рэзкія заклікі, але я прашу звярнуць увагу на спартсмена ― магчыма, гэта той яго шанец выступіць на Алімпіядзе, які выпадае адзін раз за жыццё”.
Нагадаем, дэпутат расійскай Дзярждумы Расіі Віталь Мілонаў заклікаў нацыянальныя алімпійскія камітэты Беларусі, Казахстана і Кыргызстана, а таксама краін БРІКС (Бразіліі, Індыі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі) адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе-2018 у знак салідарнасці з Расіяй. Бо, на думку Мілонава, Міжнародны Алімпійскі камітэт цкуе Расію па палітычных прычынах.