Дзярждума РФ прапануе Пуціну прызнаць незалежнасць "ЛНР" і "ДНР"
15 лютага Дзярждума РФ прагаласавала за праект пастановы аб неабходнасці прызнання Расіяй незалежнасці самаабвешчаных "ЛНР" і "ДНР" (дакумент падрыхтавалі камуністы): 351 — "за", 16 — "супраць", устрымаўся адзін парламентар, піша "Новая газета". Такі крок, як лічаць расійскія дэпутаты, мог бы дапамагчы забеспячэнню "гарантый бяспекі і абароны жыхароў рэспублік ад знешніх пагрозаў". Дзярждума неадкладна накіруе зварот Уладзіміру Пуціну, і ён мусіць прыняць канчатковае рашэнне.
Такі крок Расіі можа прывесці да эскалацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны. Самаабвешчаныя рэспублікі існуюць на Данбасе з 2014 года.
Адзін з аўтараў іншага праекту, які 14 лютага падалі дэпутаты "Адзінай Расіі", — дэпутат Арцём Тураў, сын беларускага рэжысёра Віктара Турава. Па гэтым праекце спачатку павінны былі прайсці кансультацыі з МЗС РФ, і толькі пасля яго мог атрымаць расійскі прэзідэнт.
Вярхоўная Рада Украіны заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць ніякіх рашэнняў Расіі аб прызнанні незалежнасці так званых "ЛНР" і "ДНР".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.