Эканаміст: Беларусь можа “стрэсці” з Расіі кампенсацыю за ўтылізацыйны збор
Віцэ-прэм’ер Сямашка падлічыў, што ад увядзення ў Расіі ўтылізацыйнага збору Беларусь штогод будзе губляць каля 350 мільёнаў долараў.
Мытны саюз мусіў адкрыць для Беларусі рынкі Расіі і Казахстана, але рэчаіснасць аказалася зусім іншай. “З прычыны недасканаласці заканадаўчай базы Мытнага саюза мы нясём істотныя страты”, — заявіў першы віцэ-прэм'ер краіны Уладзімір Сямашка падчас выступу ў парламенце 31 кастрычніка. Фактычна, чыноўнік патлумачыў удзелам Беларусі ў Мытным саюзе бягучыя праблемы нашай эканомікі.
Паспрабуем ацаніць страты, якія меў на ўвазе віцэ-прэм’ер. Адна з пастаноў расійскага ўраду адмяніла прэферэнцыі ў 15% для беларускай сельгастэхнікі і такім чынам (паводле слоў таго ж Сямашкі), практычна закрыла ёй доступ на расійскі рынак. А з-за ўвядзення ў Расіі ўтылізацыйнага збору на тэхніку на 18% падаражэе МАЗ. Віцэ-прэм’ер падлічвае: штогод мы будзем губляць на гэтым да 350 мільёнаў долараў.
Тэлефануем на МАЗ. Згодна са словамі супрацоўніка аддзела рэалізацыі грузавой тэхнікі ў РФ, самы бюджэтны варыянт МАЗа сёння ў Расіі дылер прадае за 1 мільён 698 тысяч 610 расійскіх рублёў. Пасля ўвядзення ўтылізацыйнага збору кошт беларускіх грузавікоў, у залежнасці ад мадэлі, павялічыцца на 150-400 тысяч расійскіх рублёў. Адно спадзяванне, дзеляцца на МАЗе з Еўрарадыё, на зніжэнне коштаў на энерганосьбіты.
Супрацоўнік МАЗ: “Яны ж паведамілі, што будуць зніжаць кошты на энерганосьбіты. Як гэта толькі адаб’ецца на кошце?.. Можа, зможам знізіць за кошт гэтага сабекошт прадукцыі”.
Адначасова на заводзе маральна рыхтуюцца да таго, што продаж МАЗаў у Расіі адчувальна зменшыцца.
Як атрымалася, што Мытны саюз, ад удзелу ў якім нам абяцалі толькі выгоды, насамрэч прыносіць беларускім вытворцам страты? Расійскі эканаміст, былы галоўны аналітык Аналітычнага цэнтра прэзідэнта РФ і былы памочнік старшыні ўраду РФ Міхаіла Касьянава, дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі Міхаіл Дзялягін сцвярджае, што беларускі віцэ-прэм’ер у сваім выказванні насамрэч быў нават занадта карэктным. Але вінаваціць трэба не столькі Мытны саюз і недасканаласці яго заканадаўства, колькі ўваходжанне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
Міхаіл Дзялягін: “Тут вінаватае ўваходжанне Расіі ў СГА, якое было здзейсненае ў аднабаковым парадку і абсалютна на каланіяльных умовах. Сярод найбольш пацярпелых галінаў ад гэтага кабальнага ўваходжання ў нас апынулася вытворчасць сельскагаспадарчых машын і грузавых аўтамабіляў. Зразумела, што гэта не магло не ўдарыць па беларускіх вытворцах — для выратавання расійскіх прадпрыемстваў давялося абмяжоўваць інтэграцыйныя прэферэнцыі ў адносінах да беларускай тэхнікі”.
Тым не менш, сцвярджае расійскі эканаміст, не ўсё так дрэнна, і Беларусь яшчэ можа запатрабаваць ад Расіі кампенсацыю за панесеную шкоду. Напрыклад, МАЗ можа паспрабаваць вярнуць страчаныя 350 мільёнаў долараў.
Міхаіл Дзялягін: “Яны, безумоўна, маюць права ў межах менавіта Мытнага саюзу прад’яўляць прэтэнзіі за аднабаковае пагаршэнне ўмоў супрацоўніцтва і патрабаваць кампенсацыі. У прамой форме Беларусь можа гэта патрабаваць [кампенсацыю 350 мільёнаў долараў. — Еўрарадыё], але гэта будзе спрэчка, якая будзе, найхутчэй, урэгуляваная прадстаўленнем нейкіх сустрэчных саступак”.
Такой саступкай можа стаць зніжэнне кошту на энерганосьбіты. Праўда, на самім МАЗе не ўпэўненыя, што гэта дазволіць ім захаваць кошт сваіх грузавікоў на расійскім рынку без зменаў.
Магчыма, праблема знікне, калі Беларусь таксама далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Гэта залежыць ад умоваў, тлумачыць Міхаіл Дзялягін. Калі яны будуць такія ж, як у Расіі, то праблема, безумоўна, вырашыцца. Праўда, паводле сталінскага прынцыпу: няма завода — няма праблемы. Бо той жа МАЗ проста давядзецца закрыць.
Фота: auto.onliner.by, www.aif.ru