Экс-дэпутат Сяргей Касцян: Маёй пенсіі не хапае на кнігі і газеты

Тым не менш былым дэпутатам Палаты прадстаўнікоў даводзіцца трымаць у сакрэце памер сваіх пенсій. Яны баяцца выклікаць раздражненне іншых, “звычайных” пенсіянераў.
“Ну, канечне, у людзей меншая пенсія, чым у дэпутатаў”, - прызналася Еўрарадыё экс-дэпутат Лілія Кашанкова. Але назваць лічбу рашуча адмовілася:

“Ну, што я буду вам гаварыць? Патэлефануйце ў аддзел сацзабеспячэння, там вам скажуць. Вы разумееце, я чалавек надзвычай сумленны... Я проста хачу сказаць, што гэта можа выклікаць нейкае раздражненне ў людзей. Таму патэлефануйце ў аддзел сацзабеспячэння і запытайцеся, якую пенсію атрымліваюць дэпутаты, якія выйшлі на пенсію”.

Адмовіліся назваць памер пенсій і іншыя экс-дэпутаты, якім мы датэлефанаваліся.

“Не хацелася б казаць пра пенсію”, - кажа Ніна Кабернік, былы дэпутат ад Жлобінскай акругі.

ЕРБ: Скажыце хаця б прыблізна – больш за 500 тысяч ці менш?

Ніна Кабернік: Трошкі больш, чым 500

Нягледзячы на адносна высокую пенсію, цяпер былыя дэпутаты вымушаныя шмат у чым сабе адмаўляць. Так, былы дэпутат, камуніст Сяргей Касцян працягвае кіраваць Славянскім рухам. Сёння ён амаль не мае магчымасці чытаць газеты і кніжкі: уся пенсія ідзе на праезд і грамадскую дзейнасць:

“...мая ж грамадская дзейнасць, яна ж не аплочваецца ні капейкі! Толькі штодзённы праезд туды і назад складвае 2400 рублёў. Толькі праезд! А ўлічваючы, што гэта не фінансуемая арганізацыя, то трэба тое-іншае... А адкуль гэта ўзяць? Толькі са сваёй пенсіі. Грошай заўсёды не хапае, але, ведаючы пра тое, што іх не будзе, з гэтага і сыходзіш. Дзесьці ў чымсьці сабе адмаўляеш, у чымсьці сябе уціскаеш. Я ўжо не магу купляць столькі газет, як я гэта рабіў раней і мог іх чытаць. Я цяпер ужо практычна і кніжак не купляю. Ну, таму што гэта не так проста”.

Цікава, што спадар Касцян дагэтуль не ведае, якая ў яго пенсія:

“Шчыра кажучы, не магу сказаць, бо дакладна і не ведаю. Я атрымоўваў пенсію за снежань... І так і не зразумеў, якая яна ў мяне. Штосьці дадалі, пасля штосьці аднялі. Толкам і не ведаю. Думаю, што калі буду атрымоўваць ужо за студзень, тады ўжо буду ведаць дакладна, якая ў мяне пенсія”.

Былы дэпутат Тамара Навасад на пенсіі таксама займаецца грамадскай дзейнасцю. Але, у адрозненне ад спадара Касцяна, якраз цяпер, пасля выхаду на пенсію, у яе з’явілася магчымасць чытаць кніжкі:

“Чытаю кнігі, займаюся нарэшце ўнукам. Кнігі чытаю не ноччу, а днём! Якое шчасце! Так, цяпер атрымоўваю “утрыманне”, яно досыць добрае, дазваляе мне адчуваць сябе спакойна”.

ЕРБ: А на жыццё хапае?

Тамара Навасад: (смяецца) Ну, калі ж у нас хапала? Трэба ўмець жыць па сродках. Вы ведаеце што? Я, ўласна кажучы, магчыма, была і не вельмі падрыхтаваная да такога ўтрымання. Хаця, канечне, мы пра гэта ведалі... Калі спатрэбіцца, я магу яшчэ і на працу пайсці. Я настаўніца, люблю сваю прафесію, таму гэта мяне не пужае.

Пенсіянерка Алена Сцяпанаўна таксама былая настаўніца. Дэпутатам ніколі не была, таму атрымлівае “звычайную” пенсію:

“Пенсіі ў нас не вельмі маленькія – сярэднія. У мяне – 448... Жывем, пакуль хапае. Але ж мы па новых коштах пакуль нічога не аплочвалі... Ну, мы не багатыя, ну і не бедныя. Купляем і мясныя прадукты, але стараемся больш танныя, малочныя прадукты, хлеб таксама... Мы вось цяпер нічога не купляем з адзежы. Нічога не купляем, даношваем усё, што ў нас было”.

Вельмі дапамагае ўменне эканоміць, кажа Алена Сцяпанаўна. Магчыма, таму грошай пакуль і хапае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі