Экс-кандыдат у прэзідэнты выдаў кнігу турэмных рэцэптаў

Кніга "ЗК. Забароненая кухня" / facebook.com/andrei.sannikov.1
Кніга "ЗК. Забароненая кухня" / facebook.com/andrei.sannikov.1

Кнігу рэцэптаў турэмных страў выдаў Андрэй Саннікаў — экс-палітвязень і кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе.

"Кніга ўнікальная тым, што рэцэпты страў і апісанне іх прыгатавання — гэта тое, што насамрэч гатавалі ЗэКа ў турмах для сябе. Былі ў свеце кнігі рэцэптаў страў, якія распрацоўвалі у розных краінах для вязняў. На розных мовах выдаваліся кнігі рэцэптаў страў, якія гатуюць у турмах і калоніях. Аднак кніга кулінарнай творчасці саміх ЗэКа пакуль адзіная", — піша Саннікаў у Фэйсбуку.

Кніга выдадзеная пад псеўданімам "Лапіцый", паходжанне якога аўтар абяцае раскрыць ва ўступе да выдання. Усе грошы ад продажу кнігі павінны пайсці на дапамогу палітвязням Беларусі.

Дыхтоўнае выданне аўтар прапануе купляць ад 99 еўра і кажаў, што ўжо ёсць ахвотнікі, якія заплацілі больш, каб дапамагчы беларускім палітвязням.

Андрэй Саннікаў у сярэдзіне 1990-х быў намеснікам міністра замежных спраў. Гэтую пасаду ён пакінуў у 1996-м на знак пратэсту супраць рэферэндуму па змене Канстытуцыі, які ініцыяваў Лукашэнка. Саннікаў стаў адным з лідараў "Хартыі'97". У 2010 годзе вылучыўся на пасаду прэзідэнта, быў арыштаваны ў дзень выбараў 19 снежня разам з жонкай, журналісткай Ірынай Халіп. Яму прысудзілі 5 гадоў зняволення, але вызвалілі ў красавіку 2012 года. Пасля гэтага Саннікаў эміграваў у Польшчу.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі