Экс-кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон здаўся бельгійскай паліцыі
Экс-кіраўнік ураду Каталоніі Карлес Пучдэмон здаўся паліцыі ў Бельгіі, паведамляе ВВС. У пятніцу іспанскі суд выдаў ордэр на арышт Пучдэмона паводле абвінавачання ў спробе мецяжу. Ордэр аўтаматычна дзейнічае на тэрыторыі ўсіх краін Еўрасаюза. У панядзелак бельгійскія ўлады павінны прыняць рашэнне аб экстрадыцыі палітыка.
Чатыры былых міністры Каталоніі таксама здаліся бельгійскім уладам. Арыштаваных палітыкаў абвінавачваюць у мецяжы, падрыўной дзейнасці і растраце дзяржаўных сродкаў. Калі іх віна будзе даказаная, былым каталонскім чыноўнікам пагражае да 30 год турмы.
Парламент рэгіёну прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Каталоніі незалежнай рэспублікай. У адказ на гэта іспанскі ўрад увёў у рэгіёне наўпроставае кіраванне, звольніў мясцовы ўрад і распусціў парламент. Незалежнасць Каталоніі не прызнала ніводная краіна.