Эксперт: Чакаць імклівага росту турэцкіх інвестыцый не трэба

Эксперт: Чакаць імклівага росту турэцкіх інвестыцый не трэба

11 лістапада ў Мінск прыехаў турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган. Беларусь спадзяецца, што палітык не абмяжуецца адкрыццём Саборнай мячэці ў сталіцы. На думку нашых уладаў, візіт мусіць актывізаваць узаемны гандаль (пакуль што далёкі ад жаданай лічбы ў $1 млрд) і вярнуць беларускім кампаніям турэцкія інвестыцыі (якія за апошнія два гады скараціліся ў 25 разоў). Але палітолаг Арсеній Сівіцкі лічыць, што вялікіх эканамічных дывідэндаў прыезд Эрдагана не прынясе, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Турцыі прывез з сабой у Мінск блізу сотні бізнэсоўцаў.

Эксперт: Чакаць імклівага росту турэцкіх інвестыцый не трэба

"Чакаць імклівага росту турэцкіх інвестыцый у Беларусь не трэба. Зараз вельмі актыўна ідзе працэс нармалізацыі стасункаў паміж Расіяй і Турцыяй. Менавіта расійскі накірунак і стане асноўным для турэцкай інвестыцыйнай актыўнасці. Нагадаю, што Турцыя таксама распрацоўвае дамову аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам. Вядома, асноўнай кропкай уваходу на еўразійскі рынак разглядаецца Расія", — зазначыў Арсеній Сівіцкі.

У жывым эфіры Еўрарадыё мы распыталі Арсенія Сівіцкага пра тое, што зараз адбываецца ў Турцыі, з якой так хоча сябраваць Беларусь.

— Турцыя — краіна, якая знаходзіцца ў ваенным стане. Ваеннае становішча, якое дзейнічае з сярэдзіны лета, гэта наступства дзяржаўнага пераварота, да якога, дарэчы, ёсць шмат пытанняў. Быў гэта рэальны пераварот, ці ён быў інспіраваны ўладамі, каб пасля стаць нагодай для знішчэння ўсіх палітычных апанентаў? Так ці інакш, мы можам канстатаваць працэс цэнтралізацыі ўлады ў Турцыі. Хутчэй за ўсё, яна падыходзіць да прыняцця новай Канстытуцыі, у якой будзе абвешчаны пераход ад парламенцкай рэспублікі да прэзідэнцкай, з неабмежаванай уладай прэздэнта.

— Эрдаган пачынаў сваю кар'еру як прадстаўнік палітычнага ісламу. Тое, што ён зараз абвяшчае, ідзе ў рэчышчы гэтай ідэалогіі. Стала зразумела, што Турцыя не ўвойдзе ў Еўразвяз. Адносіны са Злучанымі Штатамі вельмі сур'ёзна пабурыліся. Па сутнасці, на Блізкім Усходзе ідзе перадзел уплыву, і Турцыя з'яўляецца актыўным гульцом у гэтым працэсе.

— Вельмі важнае значэнне Эрдаган надае ўсёй рэлігійнай актыўнасці Турцыі за межамі краіны. Я б разглядаў яго візіт у гэтым кантэксце. Эрдаган разабраўся са спробай дзяржаўнага перавароту і цяпер мае магчымасць спакойна наведаць Мінск і адкрыць мячэць — выканаць свой абавязак як лідара, які прэтэндуе на вядучую ролю ў ісламскім свеце.

— Улетку Аляксандр Лукашэнка атрымаў неспадзяванае запрашэнне на саміт Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва ў Стамбуле. Мне здаецца, Эрдаган шукаў каналы камунікацыі з Пуціным. Але, на той момант, у Беларусі і Расіі ўжо было шмат праблемаў у стасунках. Таму, па ўсім відаць, канал не спрацаваў і не мог спрацаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі