У Турцыі падлічылі галасы на выбарах — Эрдаган застаецца
Разрыў з канкурэнтам быў усяго некалькі працэнтаў / reuters.com
У Турцыі абвясцілі вынікі другога тура выбараў прэзідэнта. З невялікім адрывам перамог дзейны кіраўнік краіны Рэджэп Таіп Эрдаган. Ён, паводле афіцыйных звестак, набраў 52,1%. Яго супернік Кемаль Кылычдароглу — 47,9%. Лічбы прыводзіць Reuters.
Кылычдароглу назваў кампанію "самымі несправядлівымі выбарамі за многія гады", але не стаў аспрэчваць вынік. А Эрдаган, звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў з даху аўтобуса ў Стамбуле, сказаў, што "адзіны пераможца сёння — Турцыя". Эрдаган ва ўладзе з 2003 года, спачатку быў прэм'ер-міністрам, затым з 2014 года — прэзідэнт. У сваёй пераможнай прамове ён зноў крытыкаваў апазіцыю, назваў яе прыхільніцай ЛГБТ.
А Кылычдароглу, які абяцаў накіраваць краіну па больш дэмакратычным шляху развіцця, сказаў, што галасаванне прадэманстравала волю народа да змены аўтарытарнага ўрада. Але "ўсе сродкі дзяржавы былі пакладзены да ног аднаго чалавека".
Эрдагана ўжо павіншавалі лідары іншых краін. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, у прыватнасці, напісаў у Twitter: "Я з нецярпеннем чакаю працягу сумеснай працы ў якасці саюзнікаў па НАТА па двухбаковых пытаннях і агульных глабальных выкліках".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.