Эксперт: Узяць крэдыт на набыццё жылля пад 32% змогуць лічаныя асобы

З 1 верасня “Беларусбанк” аднавіў крэдыты на набыццё жылля. Стаўка па такім крэдыце складае 32% у месяц. Банк пракрэдытуе 75% ад кошту жылля і выдасць грошы не болей, чым на 15 гадоў.

Як паведамілі Еўрарадыё ў “Беларусбанку” пры атрыманні крэдыта ўлічваецца толькі даход крэдытаатрымальніка. Выплаты на гэтых умовах складуць не меней за 27−28 мільёнаў на месяц.

Старэйшы аналітык “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб называе такі крэдыт забарончым.

Эксперт упэўнены, што крэдыт не будзе масавым.

“Наўрад ці гэты крэдыт будзе масавым прадуктам. Нейкая такая піяр-акцыя — маўляў, “мы вяртаем крэдытаванне жылля” і гэта гучыць добра, але на практыцы такі крэдыт атрымаюць нямногія. Быццам бы тавар у лінейцы прадуктаў ёсць, але ўзяць яго змогуць нямногія”,  — кажа аналітык.

Пры заробку ў 9-10 мільёнаў банк можа даць крэдыт толькі на 140−160 мільёнаў рублёў. Пры гэтым выплаты па крэдыце складуць палову заробка. А каб пракрэдытавацца на ўсю суму жылля, да прыкладу, на 50 тысяч долараў (у эквіваленце гэта 875 мільёнаў рублёў) заробак крэдытаатрымальніка павінен быць не меней за 57 мільёнаў беларускіх рублёў.

Вадзім Іосуб упэўнены, што нават пры добрым заробку крэдытаванне на такіх умовах нельга назваць разумным крокам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі