Эрдаган распавёў пра забойства журналіста ў генконсульстве Саудаўскай Аравіі
Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган распавёў пра забойства саудаўскага журналіста Джамаля Хашкаджы ў генконсульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Паводле яго слоў, факт забойства даказаны,а злачынства з'яўляецца старанна спланаваным, інфармуе ТАСС. 23 кастрычніка Эрдаган выступаў у парламенце Турцыі. Ён заявіў, што 1 кастрычніка за дзень да забойства журналіста ў Стамбул прыбылі тры групы саудаўскіх грамадзян, якія наведалі генконсульства сваёй краіны, праводзілі разведку ў Белградскім лесе, у правінцыі Ялова (шукалі месца, дзе збіраліся схаваць труп).
Джамаль Хашкаджы — вядомы крытык палітыкі ўладаў Саудаўскай Аравіі. У генконкульства сваёй краіны ён прыйшоў 2 кастрычніка для атрымання дакументаў, якія былі неабходныя для афармлення шлюбу з грамадзянкай Турцыі. З таго часу яго ніхто не бачыў. З генконкульства ён не выходзіў. Турэцкая паліцыя праводзіць расследаванне знікнення журналіста. Толькі 20 кастрычніка ўлады Саудаўскай Аравіі прызналі, што Джамаль Хашкаджы памёр у будынку генконсульства ў выніку канфлікту (нібыта, яго выпадкова задушылі). Пад следствам саудаўскіх праваахоўнікаў знаходзяцца 18 чалавек.
Турэцкая паліцыя мяркуе, што журналіст памёр падчас катаванняў ці быў забіты пасля іх. Яго цела пасеклі на кавалкі і вынеслі з генеральнага консульства.
У аўторак кіраўнік турэцкай апазіцыйнай партыі "Радзіма" Догу Перынчак заявіў, што фрагменты цела Хашкаджы знайшлі ў калодзежы на тэрыторыі генеральнага консульства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Там ператрусы праводзілі турэцкія сілы бяспекі. Па іншай версіі, згаданы калодзеж знаходзіцца на тэрыторыі рэзідэнцыі саудаўскага генконсула, якая месціцца ў некалькіх сотнях метраў ад будынка генконсульства. Але афіцыйна гэтая інфармацыя яшчэ не пацверджаная.