Эстонец заплаціў Беларусі 7500 рублёў, каб не пазбавіцца матацыкла

Эстонец заплаціў Беларусі 7500 рублёў, каб не пазбавіцца матацыкла

У непрыемную гісторыю трапіў у ліпені эстонец Маргус, які ехаў на матацыкле транзітам праз Беларусь ва Украіну, піша сайт abw.by

Падарожнік праехаў у Беларусь праз пункт пропуску "Каменны Лог". На мяжы "чырвоны калідор" быў зачынены, таму мужчына стаў у агульную чаргу — на "зялёны калідор". Мытнікі праверылі ў яго ўсе дакументы і адразу аддалі дакументы на матацыкл. Эстонец не запоўніў дэкларацыю на транспарт, бо з дзеянняў мытнікаў зразумеў, што падарожнікам з транзітнай візай гэта не трэба. 

Аднак калі Маргус праз суткі выязджаў ва Украіну праз пункт пропуску "Камарын", у яго запатрабавалі дэкларацыю на матацыкл. "Дэкларацыя — гэта для мяне заўсёды быў вельмі складаны дакумент, бо я практычна не магу пісаць і чытаць па-руску. Але калі я яе запаўняў, ездзіў мэтанакіравана ў Беларусь, бавіў час толькі тут. У гэты раз ехаў па транзітнай візе, таму падумаў, што для транзітных падарожнікаў гэты дакумент не патрэбны. а супрацоўнік мытні, магчыма, не звярнуў увагі на паперу, дзе было пазначана, што я не пасажыр, а ежу адзін і езджу на матацыкле, таму не сказаў, што мне трэба запаўняць дэкларацыю", — кажа эстонец.

У выніку ў яго канфіскавалі матацыкл, а справу перадалі ў суд. Самога Маргуса адправілі пешшу праз мяжу ва Украіну, бо ў яго скончыўся час транзітнай візы. Бліжэйшы населены пункт быў за 70 км, таму падарожніку пашанцавала, што яго падвёз адзін з беларускіх аўтобусаў. 

Маргус кажа, што не збіраўся парушаць закон: "Гэта была банальная чалавечая памылка: супрацоўнікі не звярнулі ўвагі на адсутнасць пячаткі пры ўездзе, а я з-за дрэннага валодання мовай і па няведанні нават не падазраваў, што ў мяне паперы не ў парадку". 

Суд па справе эстоца прайшоў у Гомелі 5 верасня. У дакументах, якія падалі мытнікі, сказана, што Маргус свабодна валодае рускай мовай. Хаця, як адзначае abw.by, падчас гутаркі лёгка высветліць, што вусную мову ён разумее са складанасцямі, але чытаць і пісаць па-руску практычна не можа.

Суд пастанавіў не канфіскоўваць матацыкл, а пакараць эстонца штрафам у 115 рублёў (5 базавых велічыняў). Акрамя таго, мытня спагнала з яго мытныя плацяжы на 7366 рублёў. Таксама яму давялося заплаціць за захоўванне матацыкла і рэчаў на мытным складзе. Агулам больш за 7500 рублёў (каля 3750 долараў). 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі