Еўрапарламент абмеркаваў бяспеку Беларускай АЭС і прыняў рэзалюцыю
11 лютага Еўрапарламент абмеркаваў бяспеку Беларускай АЭС і прыняў рэзалюцыю, за якую прагаласавалі 692 еўрапарламентарыі, 29 выступілі супраць, 21 устрымаўся. А перад гэтым прайшлі дэбаты, на якіх прадстаўнікі краін Балтыі раскрытыкавалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС. "Відавочную і сапраўдную пагрозу нацыянальнай бяспецы" асабліва бачыць у ім Літва.
У рэзалюцыі Еўрапарламента адзначаецца, што ядзерная бяспека з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС. "Еўрапейскі парламент выказвае заклапочанасць з нагоды размяшчэння Астравецкай атамнай электрастанцыі за 50 км ад Вільні... і ў непасрэднай блізкасці ад іншых краін ЕС..., — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Выказваем шкадаванне з нагоды таго, што праект рэалізуецца, нягледзячы на пратэсты беларускіх грамадзян...".
Заклапочанасць еўрадэпутатаў выклікае і тое, што праект БелАЭС "рэалізуецца як геапалітычны праект Беларусі і Расіі" і што яго будаўніцтва і будучая эксплуатацыя "з'яўляюцца крыніцай магчымай пагрозы Еўрапейскаму саюзу". Таксама выказваецца шкадаванне з нагоды "пастаяннай адсутнасці празрыстасці і афіцыйнай інфармацыі аб паўтаральных аварыйных спыненнях рэактара і адмовах абсталявання". Нашу краіну заклікаюць забяспечыць "поўнае выкананне міжнародных стандартаў ядзернай і экалагічнай бяспекі, а таксама празрыстае, усёабдымнае і канструктыўнае супрацоўніцтва з міжнароднымі органамі".
Як паведамляла Еўрарадыё, днямі БелАЭС наведала група еўрапейскіх экспертаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.