Еўрасаюз абнародаваў "чорны спіс" краін-афшораў
5 снежня міністры фінансаў краін Еўрасаюза апублікавалі "чорны спіс" краін, якія не жадаюць супрацоўнічаць з ЕС у сферы падатковай справаздачнасці. У яго ўвайшлі 17 краінаў, у юрысдыкцыі большасці з якіх знаходзяцца афшорныя зоны.
Як перадае Бі-Бі-Сі, у спіс трапілі Амерыканскае Самоа, Бахрэйн, Барбадас, Грэнада, Гуам, Макао, Маршалавы выспы, Манголія, Намібія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Палаў, Панама, Сэнт-Люсія, Самоа, Трынідад і Табага, Туніс, Паўднёвая Карэя.
Таксама Еўрасаюз абнародаваў "шэры спіс". У яго ўвайшлі 47 краін, чые падатковыя правілы не адпавядаюць стандартам ЕС, але неўзабаве мусяць быць перагледжаныя.
Апошнія некалькі гадоў міжнародныя групы, якія займаюцца журналісцкімі расследаваннямі, публікавалі звесткі пра афшорныя зоны, чыімі фінансавымі паслугамі карыстаюцца чыноўнікі, славутасці і бізнесоўцы з розных краін свету.