Еўрасаюз не забароніць візы для беларусаў
Еўрасаюз не будзе ўводзіць візавы бан для беларусаў. Пра гэта паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
"Мы грукаліся — і нас пачулі: еўрапейскія міністры не будуць уводзіць візавы бан супраць беларусаў. Мы тлумачылі, чаму важна адрозніваць беларусаў і рэжым Лукашэнкі. Мы казалі, што візы — гэта не пра адпачынак, гэта пра падтрыманне сувязяў, гэта пра бяспеку людзей, гэта пра стыпендыі і стажыроўкі ў рэшце рэшт. Для беларусаў візы — гэта не раскоша, гэта неабходнасць падтрымання грамадства і абароны незалежнасці", — заяўляе Вячорка.
Ён дадае, што сітуацыя можа змяніцца: ЕС будзе разглядаць абмежаванні, пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца пры ўладзе і з Беларусі ляцяць ракеты.
Задачу апазіцыйных палітыкаў Вячорка бачыць у тым, каб абмежаванні накладалі толькі на Лукашэнку і ягонае атачэнне, чыноўнікаў і сілавікоў, прапагандыстаў і прарэжымных алігархаў. "Мы будзем працаваць над індывідуальным спісам санкцыяў. Але мы будзем заўжды супраць ізаляцыі Беларусі", — дадае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.