Еўрасаюз прыняў 12-ты пакет санкцый супраць Расіі
Новы пакет санкцый для Расіі
Расію працягваюць прыцягваць да адказнасці за ўварванне ва Украіну. Еўрасаюз прыняў 12-ты пакет санкцый супраць РФ.
З 1 студзеня 2024 года забараняецца імпарт непрамысловых прыродных і сінтэтычных алмазаў, а таксама ювелірных вырабаў з дыяментамі з Расіі. Ускосная забарона на імпарт расійскіх алмазаў пры іх апрацоўцы ў трэціх краінах будзе ўводзіцца паступова з 1 сакавіка 2024 года і завершыцца да 1 верасня 2024 года. У Расію забараняецца ўвозіць хімікаты, літыевыя батарэі, тэрмастаты, рухавікі і сервапрывады для беспілотнікаў, з Расіі — чыгун, медны і алюмініевы дрот, фольгу і металічныя трубы.
На працягу 12 месяцаў будзе ўведзеная забарона на ўвоз з Расіі звадкаванага прапану.
Кампаніі з ЕС пры экспарце тавараў ваеннага прызначэння, авіяцыйных тавараў і зброі ў трэція краіны павінны будуць прапісваць у кантрактах пункт аб забароне рээкспарту ў РФ. Таксама іх абавяжуць апавяшчаць улады аб продажы танкераў кампаніям трэціх краін, каб не даць Расіі магчымасць абыходзіць межавыя кошты на нафту з дапамогай "ценявога флоту".
Расіянам дазваляюць увозіць у краіны ЕС прадметы асабістай гігіены і адзенне, якое надзета на іх або знаходзіцца ў іх багажы, а таксама аўто з дыпнумарамі. Акрамя таго, удакладняецца, што краіны Еўрасаюза могуць дазволіць уезд аўтамабіляў расіян пры ўмове, што ўладальнікі не стануць іх прадаваць і будуць карыстацца толькі з асабістымі мэтамі.
У "чорны спіс" трапілі 61 чалавек і 86 кампаній.
12-ты пакет санкцый рыхтаваўся ўжо даўно, а прыняць яго цяпер стала магчымым пасля таго, як свае пярэчанні адклікала Аўстрыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.