Еўрасаюз зноў заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

Еўрасаюз зноў заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротную кару

Пасля новага смяротнага прысуда ў Беларусі Еўрасаюз зноў заклікае ўлады нашай краіны ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

У заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч гаворыцца, што асуджаны на смерць Генадзь Якавіцкі павінен атрымаць гарантаванае права на абскарджанне прысуду.

"Якавіцкі быў асуджаны за цяжкое злачынства, і мы выказваем нашыя глыбокія шкадаванні родным і блізкім ахвяраў", — цытуе БелаПАН заяву Качыянчыч. У той жа час у дакуменце падкрэсліваецца, што Еўрасаюз "настроены супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і без усялякіх выключэнняў".

Як паведамлялася раней, Мінскі абласны суд 5 студзеня на выязным пасяджэнні прысудзіў да расстрэлу 49-гадовага Генадзя Якавіцкага за жорсткае забойства сужыцелькі. Мужчына быў асуджаны на смерць яшчэ ў савецкі час. Але тады ён абскардзіў прысуд, і расстрэл яму замянілі на працяглы тэрмін пазбаўлення волі.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам. Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротная кара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі