Facebook перадаваў звесткі карыстальнікаў 60 вытворцам смартфонаў
За апошнія 10 гадоў кампанія Facebook заключыла пагадненні пра перадачу звестак карыстальнікаў як мінімум з 60 кампаніямі-вытворцамі мабільных прылад. У іх лік трапілі такія фірмы, як Apple, Amazon, BlackBerry, Microsoft і Samsung, перадае Бі-Бі-Сі.
Facebook даваў кампаніям-партнёрам доступ да звестак карыстальнікаў і іх сяброў без іх згоды. Гэта працягвалася нават пасля таго, як кампанія заявіла, што больш не будзе перадаваць такую інфармацыю трэцім бакам.
Ёсць звесткі, што некаторыя партнёры Facebook атрымлівалі доступ да інфармацыі пра сямейнае становішча карыстальніка, яго рэлігійныя і палітычныя погляды, а таксама пра мерапрыемствы, на якія ён збіраўся.
Дарэчы, большасць падобных пагадненняў застаюцца дзейснымі дагэтуль. Праўда, у красавіку сацсетка пачала згортваць такую супрацу — пасля скандалу з Cambridge Analytica. Скандал узнік, калі стала вядома, што Cambridge Analytica збірала звесткі карыстальнікаў Facebook для выкарыстання ў палітычнай рэкламе.
Кіраўнік Facebook Марк Цукерберг прызнаў, што сацсетка зрабіла памылкі. У выніку іх асабістыя звесткі мільёнаў чалавек трапілі да паліттэхнолагаў. Цукерберг паабяцаў ускладніць доступ іншых дадаткаў да любой інфармацыі пра карыстальнікаў.