Фактчэк: у Беларусі сапраўды 45,5% беларускамоўных школ?

Фактчэк: у Беларусі сапраўды 45,5% беларускамоўных школ?

У канцы лютага Міністэрства адукацыі паведаміла, што ў Беларусі ледзь не палова школ, а менавіта 45%, з'яўляюцца беларускамоўнымі. Здавалася б, трэба радавацца: вось яна, мяккая беларусізацыя ў дзеянні!

Але на фоне статыстыкі, якую ведамства распаўсюджвала раней, заява пра 45% беларускамоўных школ прагучала вельмі дзіўна. Рэч у тым, што, па іншых звестках, толькі 11,1% ад усіх школьнікаў 1–11 класаў на пачатак 2018/2019 навучальнага года вучыліся на беларускай мове!
 

45% vs 11,1%: адкуль такая разбежнасць?

Разабрацца ў сітуацыі паспрабавалі аўтары тэлеграм-канала “Злой минобр”.

Па стане на 2018 год, у Беларусі было 2813 школ, з якіх 1220 — у гарадах, і 1593 — у сельскай мясцовасці. Школ з беларускай мовай навучання Мінадукацыі налічыла 1282 — гэта сапраўды 45,5% ад агульнай колькасці.

З гэтых 1282 школ 1207 размяшчаліся ў сельскай мясцовасці, і толькі 75 — у гарадах. Па факце гэта азначае, што амаль усе сельскія школы — беларускамоўныя, а амаль усе гарадскія — рускамоўныя. А цяпер увага: у гарадскіх школах у Беларусі навучаецца амаль у пяць разоў больш людзей, чым у вясковых! Адсюль і бярэцца перакос. Беларускамоўных сельскіх школ пакуль што шмат — але вучняў там нашмат менш, чым у рускамоўных гарадскіх.

Фактчэк: у Беларусі сапраўды 45,5% беларускамоўных школ?
Адукацыйны працэс як ён ёсць / Reuters

Беларусізацыя ці русіфікацыя?

За 6 гадоў, з 2012 да 2018 года, у Беларусі стала на 615 школ менш. Было 3428, засталося 2813. Школ з рускай мовай навучання ў 2012 годзе было 1660, засталося 1527. То-бок мінус 133 рускамоўныя школы за 6 гадоў. З беларускай мовай навучання ў 2012 годзе было 1764 школы, да 2018 года іх засталося 1282. То-бок за той жа час страчана 482 беларускамоўныя школы.

За 6 гадоў знікла амаль у 3,5 раза больш беларускамоўных школ, чым рускамоўных. У некаторых рэгіёнах сітуацыя падобная да катастрофы. У Віцебскай вобласці на пачатак 2017/2018 навучальнага года было дзве гарадскія школы з беларускай мовай — засталася адна. Падобная сітуацыя ў Гомельскай вобласці, дзе на пачатак 2018/2019 навучальнага года засталося 3 гарадскія школы з сумарнай колькасцю навучэнцаў у 115 чалавек. 

Праціўнікі беларускай мовы любяць нагадваць, што ў канстытуцыі нашай краіны прапісанае двухмоўе. Зыходзячы са згаданых фактаў, можна сказаць, што тытульная нацыя вучыцца ў Беларусі на другой дзяржаўнай мове. Ужо сёння беларускамоўныя школы ў Беларусі — гэта, хутчэй, выключэнні з правіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі