Фігуранта "карагоднай справы" змясцілі ў ШІЗА
Дзмітрый Абрамук / spring96.org
Фігуранта справы "аб карагодзе ў Брэсце" Дзмітрыя Абрамука змясцілі ў ШІЗА, паведамляюць праваабаронцы.
Яго судзілі двойчы. Спачатку — па "карагоднай справе", Затым — за абразу Лукашэнкі. У абодвух выпадках далі па два гады хіміі, але шляхам складання ў суме прызначылі тры гады абмежавання волі. Адбываць пакаранне адправілі на "хімію" ў ПК-9 у Віцебскай вобласці. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкама.
Пра тое, што Абрамука перавялі ў штрафны ізалятар, праваабаронцам расказалі яго суседзі па "хіміі". Па іх словах, На Дзмітрыя склалі адразу чатыры рапарты, у тым ліку за тое, што ён адмовіўся прыбіраць туалет і лаяўся матам. Сам Абрамук лічыць, што правядзе ў ШІЗА не менш за 40 сутак. Крыніцы на "хіміі" таксама кажуць, што ёсць устаноўка складаць рапарты на Дзмітрыя і ў ІЧУ.
"Такая практыка робіцца, каб паспрабаваць узмацніць пакаранне для вязняў, як гэта было і з Ігарам Банцарам", — адзначаюць праваабаронцы.
Яны нагадваюць, што адміністрацыя Віцебскага ПК-9 і раней ціснула на Абрамука. У канцы лістапада яго паставілі на прафулік як "схільнага да самавольнага сыходу з установы". Адміністрацыя палічыла, што Дзмітрый можа збегчы ў Расію. Акрамя гэтага, Абрамука ўжо паўгода не дапускаюць да працы.
Дзмітрый Абрамук прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.