Фільм Кіры Муратавай знялі з “Лістапада” з-за кадраў з прэзідэнтам?

Фільм Кіры Муратавай “Два ў адным” раптоўна зняты з праграмы фестывалю “Лістапад” па загадзе Міністэрства культуры. У ім секунд на трыццаць з’яўляецца прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка: ён віншуе беларускі народ з Новым годам. Персанажы карціны глядзяць у гэты час тэлевізар і герой Багдана Ступкі (знакамітага і прызнанага ўкраінскага артыста) вымаўляе: “В-в-відный мужчіна!” Вось і ўсё. Беларускі кінакрытык Максім Жбанкоў, калі даведаўся ад нас, што фільм знялі, доўга здзіўлена смяяўся. Менавіта яму належаць словы “Падзея здзейснілася: бацька нацыі “дэбюдатаваў” у вялікім кіно. Праўда, не ў нашым”. Кулуарныя крыніцы распавялі Еўрарадыё, што менавіта з-за гэтых слоў было вырашана перагледзець кіно Кіры Муратавай і потым зняць яго з фестывалю.

Кінакрытык называе кіно “Два ў адным” “звычайным сюрным Муратаўскім фільмам”.

Максім Жбанкоў: “Гэта звычайнае Муратаўскае сюрнае кіно. Па структуры фільм падобны да яе папярэдняй працы “Тры гісторыі”, толькі тут дзве гісторыі. То бок гэта дзве навэлы са скразнымі персанажамі. Дзея першай адбываецца ў тэатры, дзе раптоўна высвятляецца, што ў касцюме герцага павесіўся адзін з маладых акцёраў. А другая навэла па сцэнары Рэнаты Літвінавай – навагодняя фантасмагорыя для траіх, дзе дарослая дачка пажылога эратамана заваблівае ў хату сваю сяброўку, каб даставіць задавальненні бацьку, які лічыць, што гэта ёсць жанчына яго жыцця. То бок гэта нармальны такі Муратаўскі абсурдысцкі балаганчык. Гэта не прарыў і не абсалютна дрэнна. Але на фестывалі – я ўпэўнены – фільм Муратавай быў бы адным з самых яскравых элементаў праграмы”.

Арганізатары фестывалю дзякуюць Богу, што з Кірай Муратавай яны дагэтуль не змаглі стэлефанавацца. Цяпер ім не трэба выбачацца перад ёй і неяк тлумачыць, чаму “Два ў адным” выкраслілі з праграмы “Лістапада”.

“Герой кажа “В-в-відный мужчіна!” Банальная такая фраза. І вырашылі, што яна ачарняе гонар і годнасць прэзідэнта, ці Рэспублікі Беларусь… І таму яго знялі з “Лістапада” на мінулым тыдні. Быў пярэпалах у Міністэрстве культуры. І быў нават кантакт нейкі з Міністэрствам культуры Украіны. Калі праглядалі гэты фільм, дарэчы, нічога крамольнага ж не пабачылі. А тут гэтыя артыкулы ў Інтэрнэце… Мы ў шоку, спрабавалі вярнуць фільм, але не”.

Аматары Кіры Муратавай, канешне, паглядзяць фільм і так, на DVD. Дзякуй Богу, ён не патрапіў у спіс забароненых для распаўсюду.

Максім Жбанкоў параўноўвае стаўленне да прэзідэнта ў нас і ў Расіі.

Максім Жбанкоў: “Гэта вельмі дзіўна, бо кіраўнік дзяржавы там з’яўляецца літаральна секунд на трыццаць у абсалютна нейтральным эпізодзе – як фігура на тэлеэкране. Ён віншуе з Новым годам, выкарыстаны запіс, здаецца, 2005 году, і там нават на экране нават бачны значак “СТВ”. Чаму нікога не пужае, калі на экране з’яўляецца Пуцін? На гэтай падставе рускія таксама маглі б неяк прыціснуць гэты фільм! Але ж іх гэта абсалютна не бянтэжыць. Тут спрацоўвае наша звычка дзяліць культурныя тэксты на дазволеныя і не дазволеныя, на пажаданыя і не пажаданыя. Сумна, што ў такіх выпадках перастрахоўка, звязаная часта з недастатковым веданнем прадмета, падмяняе кампетэнтнае кваліфікаванае меркаванне”.

Але дырэкцыя фестывалю хоць і палохаецца журналістаў, якія вымаўляюць “Муратава”, усё ж адказ дае – афіцыйны.

Валянціна Сцяпанава: “Кіры Муратавай стужкі не будзе: нам яе не прадстаўляе прадзюсар. Але ў нас вельмі шмат іншых карцін… І мы замянілі яе на карэйскую карціну “Патаемнае ззянне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі