Фотафакт: Сцяна Шчоткінай "заміраточыла" фігуркамі Мясніковіча
На мінскай сцяне, якая праславілася партрэтам экс-міністра працы Марыяны Шчоткінай, з'явілася новае графіці — 12 фігурак старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Ніякага подпісу пад імі няма.
Нагадаем, плот у адным з мінскіх дворыкаў набыў вядомасць, калі на ім з'явілася выява экс-міністра працы Марыяны Шчоткінай з подпісам "Гэта я аўтар падатку на беспрацоўных". Партрэт правісеў некалькі гадзін, пакуль яго не знішчылі работнікі ЖЭСа.
Неўзабаве на тым самым месцы невядомым графіцістам быў зроблены надпіс "Вы ж самі ўсё разумееце". Яго існаванне таксама было нядоўгім.
На вуліцы Дружнай з'явілася выява Міхаіла Мясніковіча з подпісам: "Гэта я ўвёў дарожны падатак".
Колькі праіснуюць "мясніковічы", пакуль сказаць складана. Дарэчы, Шчоткіна зараз з'яўляецца намесніцай Мясніковіча ў Савеце Рэспублікі.