Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі выйгралі ў Сан-Марына — 1:0 (відэа)
У стартавым матчы кваліфікацыі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы-2019 футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі выйгралі ў Сан-Марына — 1:0. Паядынак прайшоў у сераду на мінскім стадыёне “Трактар”. Адзіны гол быў забіты з пенальці, які суддзя прызначыў на 52-й хвіліне пасля падзення ў штрафной пляцоўцы Яўгена Бярозкіна. Дзмітрый Анцілеўскі 11-метровы ўпэўнена рэалізаваў.
Гульня беларускай зборнай не ўразіла. Пасля нядаўняга разгромнага паражэння ў таварыскім матчы ад расійскай зборнай (0:7) можна было спадзявацца, што футбалісты паспрабуюць рэабілітавацца. З іншага боку, госці практычна ўвесь матч правялі ў абароне, адбіваючы атакі беларусаў усёй камандай.
1 верасня зборная Беларусі будзе прымаць на сваім полі Грэцыю.