Футбольныя фанаты адмаўляюцца выходзіць на трыбуны з-за палітычнай сітуацыі
Футбольныя заўзятары на стадыёне "Дынама" ў Мінску / Reuters
Беларускі футбол, новы сезон якога павінен стартаваць 2 сакавіка матчам Суперкубкe краіны паміж "Шахцёрам" і БАТЭ, хутчэй за ўсё застанецца без фанацкай падтрымкі. Пра гэта піша "Трыбуна".
Першымі аб адмове вяртацца на трыбуны заявілі ультрас брэсцкага "Дынама", патлумачыўшы гэта "блюзнерствам у адносінах да рэпрэсаваных" за апошнія паўгода футбольных фанатаў.
Маючы адбыцца матч "Шахцёр" — БАТЭ збіраюцца байкатаваць фанаты барысаўчан.
"Наша сумленне не дазваляе заставацца ў баку ад таго, што адбываецца ў краіне. У салідарнасць з тымі, хто стаў ахвярай гэтай машыны рэпрэсій, з брацкімі клубамі і з кожным ганарлівым Беларусам, якi паважае сябе, мы адмаўляемся ад «скокаў пад дудачку» дзейнага рэжыму", — заявілі фанаты БАТЭ.
Да ультрас Брэста і БАТЭ падобныя заявы прагучалі ад фанатаў "Нёмана" і "Слуцка". Заўзятары "Нёмана" заявілі, што не пойдуць на матчы да "поўнай перамогі народа".
Фаны "Слуцка" нагадалі, што не маюць права падтрымліваць тых, хто падтрымлівае рэжым.
"Нагадваем тым, хто пачаў забываць і прымаць тое, што адбываецца вакол. Мы спыняем цалкам нашу дзейнасць на выправах і хатніх гульнях да поўнай перамогі народа. Мы не маем права падтрымліваць жабянят, якія падтрымліваюць рэжым. Мы не маем ніякага права забываць пра тых, хто аддаў сваё жыцце і свабоду за вольную Беларусь. Наша сумленне застаецца з народам!" — заявілі фанаты "Слуцка".
Не выйдуць падтрымаць матчы любімага клуба і фанаты "Маладзечна":
"[Мы] адмаўляемся ад актыўнай падтрымкі каманды, па зразумелых для ўсіх адэкватных людзей прычынах! Упэўненыя, што хлопцы нас зразумеюць!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.