Галоўны падаткавік Брэстчыны: нас інфармуюць пра парушэнні гандляроў

Учорашні масавы пратэст прадпрымальнікаў на брэсцкім рынку “Стары горад” не меў пад сабой слушнай падставы, лічыць начальнік Брэсцкай абласной падаткавай інспекцыі Рыгор Лебедзеў.
Нагадаем, стыхійны мітынг на рынку "Стары горад" сабраўся 8 красавіка пасля накладзеных падаткавікамі на індывідуальных прадпрымальнікаў штрафаў. Прадаўцы не далі пакупнікам адрыўныя талоны за пакупку, якая перавышае тры базавыя велічыні. Гэта высветлілі падаткавікі, калі правялі кантрольную закупку. Пасля гэтага спынілі працу больш за сотню з 500 гандляроў. Прадпрымальнікі лічаць, што паколькі яны плацяць фіксаваную стаўку адзінага падатку, то не абавязкова выдаваць такія талоны, калі іх не патрабуе пакупнік.

Рыгор Лебедзеў мае іншы погляд на праблему: "Абураюцца тыя, хто не хоча плаціць падаткі. Натуральна, тым, хто гандлюе побач і плаціць у чатыры-пяць разоў больш, крыўдна, і яны даюць нам інфармацыю. І мы тых правяраем. Па рынку “Стары горад” усе 14 суб’ектаў гандлю, правераныя ўчора, дапусцілі парушэнні. З пачатку года намі зроблена 560 праверак — і ўсе яны выніковыя".

Падаткавая інспекцыя працуе строга згодна з указам № 510, сказаў спадар Лебедзеў. Праверкі адбываюцца не часцей аднаго раза ў месяц, а што сіламі інспектараў абодвух раёнаў горада Брэста, дык гэта не забаронена заканадаўствам. Па выпадку прадпрымальніка Аляксандра, які аспрэчвае нявыдачу чэка, спадар Лебедзеў сказаў:

"Аляксандр працуе ў адным шапіку, а маці — у другім. Калі закупка ўжо адбылася, і прад’явілі дакументы, ён тэлефануе маці: прынясі мне адрыўны талон. Ёсць парадак выдачы талонаў. Тавар каштуе больш за тры базавыя  — дай чалавеку талон. А інакш — парушэнне".

Самі прадпрымальнікі гавораць, што цяжка сплачваць падатак з-за малой пакупніцкай актыўнасці людзей і з-за таго, што “Масква стаіць, а ў Варшаву ездзіць па тавары нявыгадна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі