Гандляры чабурэкамі ды беляшамі падымуцца на крызісе

Прыбытку падчас крызісу чакаюць вытворцы касметыкі, макаронаў, а таксама гандляры чабурэкамі ды беляшамі. Як расказала Еўрарадыё распаўсюдніца касметыкі “Модум” Юлія, продажы іх шампуняў, крэмаў ды іншай прадукцыі ўжо за апошнія некалькі месяцаў павялічыліся адсоткаў на 5%. Юлія лічыць, што тыя, хто стаў не ў стане купляць дарагую касметыку, перайшлі на “Модум”. І не дзіўна – самы танны шампунь тут каштуе 0,77 еўра. Сярэдні кошт прадукцыі – 1 еўра.

Юлія: “Той, хто не звяртаўся раней, звяртаецца зараз. Можа, на адсоткаў 5-6 больш, да 10 ў кожным разе, не больш. Калі гэта гандлёвая марка, то людзі звычайна пераплачваюць за гандлёвую марку. І людзі зараз шукаюць што патанней. У нас як гэткай гандлёвай маркі няма. Мы не надзяляем увагі раскрутцы, для нас гэта дарагавата”.

Гандляры чабурэкамі ды беляшамі таксама падымуцца на крызісе. Такую думку ў інтэрв'ю Еўрарадыё выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў. Спецыяліст лічыць, што ў час эканамічнага крызісу ў выйгрышным становішчы апынуцца вытворцы таннай, можа і не вельмі якаснай прадукцыі.

Леанід Злотнікаў: “Хто будзе вырабляць больш танныя рэчы, мабыць, не такія і якасныя — вось гэта пойдзе ў ход. Танныя піражкі, беляшы, усе гэтыя кропкі пойдуць у ход”.

Такая тэндэнцыя ўжо бачная за мяжой. “Макдональс” разрываецца ад наведвальнікаў. У Мінскіх “Макдональдсах”, дарэчы, цэны таксама зніжаюцца.

Леанід Злотнікаў: “Напрыклад, за мяжой стаў квітнець “Макдональс”, таму што харчаванне ў дарагіх рэстаранах стала шмат каму не па кішэні. Я ведаю, што ў Англіі стаў хутка развівацца рамонт абутку. Навошта купляць новы абутак? Крыху адрамантаваў і яшчэ насі некалькі год.”

Наладжваюць гандаль не толькі прадаўцы беляшоў ды чабурэкаў, аднак і вытворцы макаронаў, да прыкладу. Начальнік камерцыйнага аддзелу “Барымака” Ірына Грэбянцова пацвердзіла Еўрарадыё, што продажы выраслі. Аднак яна лічыць, што кошты тут адыгрываюць не першую ролю. Больш значна – якасць прадукту.

Ірына Грэбянцова: “Попыт павялічыўся. Можа быць, нават цана тут грае ролю. Але ў першую чаргу, думаю, тут грае ролю якасць”.

А вось намеснік аддзела матэрыяльнага забеспячэння і збыту Пружанскага кансервавага завода Сяргей Бандарэвіч кажа, што попыт на прадукцыю завода сярод беларусаў не змяніўся. Затое расіяне сталі больш актыўна раскупляць сокі беларускага прадпрыемства. Ён мяркуе, што віною таму ўсё той жа крызіс.

Сяргей Бандарэвіч: “Вось у расіянаў да нашых тавараў цікаўнасць прачнулася. Неяк яны актывізаваліся. Я думаю, што ў сувязі з крызісам у Расіі. Можа, у іх цанавая палітыка стала весціся на павелічэнне. І можа быць, нашы цэны летась не былі такімі прыцягальнымі. А сёлета ім ужо спадабаліся”.

Вось так — калі не якасць, то кошты прыцягваюць беларусаў да прадуктаў айчыннай вытворчасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі