Ганна Эйсмант паспрабавала абвергнуць "зліў", атрымалася непераканаўча
Тэлевядоўца Ганна Эйсмант паспрабавала абвергнуць звесткі, што ў вечар, калі затрымалі і да смерці збілі Рамана Бандарэнку, яна была на "Плошчы Перамен". Але атрымалася непераканаўча.
"11 лістапада 2020 года я была ў жывым эфіры "Панарамы" (таму тысяча пацверджанняў, пры жаданні зможа знайсці кожны) і не магла фізічна прымаць удзел ні ў якіх акцыях. Мне гэта даказаць — проста элементарна", — напісала яна ў інстаграме.
Еўрарадыё праверыла гэтае сцвярджэнне. "Дзень спорту", які вяла Ганна Эйсмант, пачаўся ў 21:55 і доўжыўся 12 хвілін 29 секунд. То бок нават калі праграма сапраўды ішла ў жывым эфіры, прыкладна ў 22:10 тэлевядоўца ўжо была вольная. А ехаць ад тэлецэнтра на вуліцы Макаёнка да "Плошчы Перамен" — не больш за 20 хвілінаў.
Ініцыятыва экс-сілавікоў паведамляе, што мабільны тэлефон Эйсмант зарэгістраваны ў раёне "Плошчы Перамен" у 22:43 і 22:45. Такім чынам, алібі ў вядоўцы навінаў спорта няма, а яе заявы ні ў якім разе не даказваюць, што расследаванне — фэйк.
Як распавядала Еўрарадыё, 27 студзеня ініцыятыва экс-сілавікоў апублікавала папярэдняе расследаванне па смерці Рамана Бандарэнкі. У ім названыя імёны людзей, якія маглі мець дачыненне да жорсткага збіцця і смерці мужчыны, адзначаны білінг іх мабільнікаў. Сярод іншых фігуруе не толькі прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, але і яе сваячка Ганна.
Таксама ў расследаванні прыводзяцца звесткі, што Бандарэнка падчас трагедыі быў цвярозы. За гэтыя звесткі, якія разыходзяцца з афіцыйнай версіяй, будуць судзіць доктара Арцёма Сарокіна і журналістку партала TUT.by Кацярыну Барысевіч.