Ганна Канапацкая — пра свае 100 тысяч подпісаў: я не брутальны алень
Ганна Канапацкая і рэгіянальныя каардынатары яе ініцыятыўнай групы павезлі здаваць першыя 35 тысяч подпісаў за яе вылучэнне. Пра гэта прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду напісала ў Фэйсбуку.
Па словах экс-дэпутаткі, яе каманда сабрала больш за 110 тысяч подпісаў. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты патрабуецца мінімум 100 тысяч подпісаў.
"Пакуль бачым, што будзе трохі болей за 110 000, але гэтага і дастаткова для праходжання ў наступны этап. Мне хапае. Я — не брутальны алень, які патрэсвае россыпам з сотняў тысяч подпісаў на галінастых рогах, спрабуючы запалохаць імі яшчэ больш мацёрага. Хаця жыццё падкідвае нечаканыя прыемныя сюрпрызы", — напісала Канапацкая.
Яна заявіла, што лічыць сваімі паплечнікамі тыя палітычныя сілы, "для якіх беларуская дзяржаўнасць жывая заўсёды і не бярэцца пад сумненне, нацыянальная самасвядомасць — вышэй за ўсё, а еўрапейская самаідэнтыфікацыя – базавы жыццёвы прынцып".
Не ўстрымалася Канапацкая і ад чарговай шпількі на адрас экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі:
"А таксама дамо адпор паўзучай гібрыднай агрэсіі рэакцыйных сілаў суседняй дзяржавы, якія пад лічынай “мілага пана” спрабуюць навязаць нам газпрамаўскага стаўленніка і дзеля гэтага хітрасцю, падманам, грашыма ды сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі зацягнулі ў свае брудныя палітычныя інтрыгі некаторую частку крэатыўнай і дробнабуржуазнай праслойкі актыўнага насельніцтва нашай краіны.
Пагроза страціць нашу дзяржаўнасць і ператварыцца ў дэградуючы ўскрайкавы рэгіён састарэлай імперыі – нашмат горшы варыянт, які нас мог бы чакаць. Але гэтага не будзе!"
Экс-дэпутатка заяўляе, што перамогу на сёлетніх выбарах "атрымае еўрапейска арыентаваная жанчына-беларуска, паслядоўная праціўніца як дзеючай улады, так і яе заклятых крамлёўскіх сяброў".
Раней у СМІ з'яўляліся ананімныя звесткі са штаба Канапацкай, быццам яе каманда сабрала толькі 10 тысяч подпісаў. Аднак прэтэндэнтка на прэзідэнцкае крэсла адпрэчыла гэтыя заявы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.