"Гавары праўду" заявіла, што Караткевіч на выбарах набрала 19%
За Таццяну Караткевіч на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах прагласавала 19% выбаршчыкаў. А Аляксандр Лукашэнка набраў 51%. Пра гэта 22 снежня заявілі ў кампаніі "Гавары праўду", адной з лідараў якой з'яўляецца Караткевіч.
Паводле слоў Андрэя Дзмітрыева, яшчэ аднаго кіраўніка кампаніі, гэтыя лічбы ўтрымлівае даследаванне Baltic Surveys/The Gallup Organization. Апытанне праводзілася ў нашай краіне з 28 кастрычніка да 13 лістапада шляхам асабістага інтэрв'ю ў рэспандэнтаў па месцы іх жыхарства. Агулам было апытана 1514 чалавек, інфармуе БелаПАН.
Паводле згаданага апытання, супраць усіх на выбарах прагласавалі 15%, за Сяргея Гайдукевіча — 10%, за Мікалая Улаховіча — 3%. За альтэрнатыву галасы аддалі не менш за 45%. Гэта толькі на 6% менш, чым за Лукашэнку, і гэта "амаль палова грамадства", адзначыў Дзмітрыеў.
Нагадаем, паводле дадзеных ЦВК Аляксандр Лукашэнка набраў на выбарах 83,49%, Таццяна Караткевіч — 4,42%, Сяргей Гайдукевіч — 3,32%, Мікалай Улаховіч — 1,67%. Прэзідэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка.
Фота: ria.ru