Газета Віцебскай епархіі БПЦ усхваляе вайну за "ДНР" і "ЛНР"
Рэдактарам выдання з’яўляецца вядомы дзеяч рускага руху ў Беларусі Андрэй Герашчанка.
У праваслаўных цэрквах Віцебска і вобласці актыўна распаўсюджваецца газета "Наше Православие". Гэта афіцыйны друкаваны орган Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Газета выдаецца накладам 1000 асобнікаў.
Як піша nn.by, зараз у выданні друкуюцца інтэрв'ю з расійскімі наёмнікамі–сепаратыстамі, якія ваююць ва Украіне за так званыя "ДНР" і "ЛНР". Выданне адкрыта ўсхваляе ўдзел праваслаўных вернікаў ва ўзброенным канфлікце ва Украіне. У прыватнасці, у адным з сакавіцкіх нумароў газета апублікавала гутарку з Маргарытай Зайдлер, грамадзянкай Нямеччыны, якая прыняла праваслаўе і ваюе за баевікоў "Наваросіі".
Віцяблянін Аляксандр Галавань мяркуе, што матэрыялы газеты трапляюць пад артыкул 123 Крымінальнага кодэксу Беларусі "Прапаганда вайны".
Дарэчы, галоўным рэдактарам газеты "Наше православіе" з’яўляецца актывіст рускага руху ў Беларусі Андрэй Герашчанка. Раней ён працаваў начальнікам аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Яго звольнілі пасля таго, як чыноўнік пачаў ў сваіх публічных выступах адмаўляць існаванне беларускай нацыі і дзяржавы.
Фота — mchs.gov.by