Гіркін (Стралкоў): байцам не тлумачылі, чаму яны затрымаліся ў Беларусі
Ігар Гіркін (Стралкоў), камандзір расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы, пракаментаваў затрыманне дзясяткаў расіян у Беларусі. Як вядома, афіцыйныя СМІ нашай краіны 29 ліпеня паведамілі, што "прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі", і яны — байцы прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. 33 грамадзян Расіі затрымалі. "Спроба прадставіць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне", — заяўляе МЗС РФ. Расійскае знешнепалітычнае ведамства сцвярджае, што група накіроўвалася "транзітам праз Мінск у Стамбул", і "з невядомай прычыны" не трапіла на свой рэйс у Турцыю, таму і затрымалася ў Беларусі — чакала, калі ім купяць новыя квіткі.
Гіркін пракаментаваў сітуацыю ў сацсетках яшчэ да заявы МЗС РФ. Ён адрэагаваў на меркаванні розных экспертаў, у тым ліку набліжаных да расійскіх уладаў і "амаль не сумняецца", што насамрэч "меў месца "транзіт". "Аднак ёсць шэраг "нюансаў", — піша Ігар Гіркін і спасылаецца на "эксклюзіўныя" даныя. — ...Група... сапраўды адпраўлялася транзітам у адну з краін свету [у Афрыку ці ў Лацінскую Амерыку], але чамусьці (для шэраговых байцоў — не тлумачылася) — "застрала" ў Беларусі. Ці выпадкова застрала? — Для мяне пытанне".
Каментары афіцыйных асоб у Маскве Гіркін называе "нязграбнымі" і "зусім крыва-ідыёцкімі". На яго погляд, яны "хутчэй выклікаюць падазрэнні, чым іх развейваюць".
Ігар Гіркін піша, што "нават калі ідзе гаворка выключна аб бяскрыўдным "транзіце", ён у дадзеным канкрэтным выпадку таксама частка спецыяльнай аперацыі па перакідцы групы "юрыдычна не існуючых вайскоўцаў" у трэцюю (ваюючую) краіну". І гэтая перакідка байцоў "ажыццяўляецца з тэрыторыі "саюзніка", вышэйшаму кіраўніцтву якога крамлёўскія гномы рэгулярна гадзяць праз СМІ і не толькі, "выломліваючы рукі". Палкоўнік у адстаўцы робіць выснову, што "само па сабе дадзенае дзеянне — добры прыклад закарузлага ідыятызму".
Раней той жа Ігар Гіркін здзівіўся, што байцы прыватнай ваеннай кампаніі нібыта збіраліся ляцець у Турцыю. Як вядома, у Лівіі гэтыя расіяне і туркі апынуліся па розныя бакі фронту.
Гіркін у апошнія гады жорстка крытыкуе ўладу Уладзіміра Пуціна. Сёлета ён сцвярджаў, што яго сваякамі ў Беларусі цікавіліся супрацоўнікі КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.