Гіркін (Стралкоў): Лукашэнка мог бы далучыць Смаленск да Беларусі

Гіркін (Стралкоў): Лукашэнка мог бы далучыць Смаленск да Беларусі

Камандзір расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Гіркін (Стралкоў) у эфіры “РОЙ ТВ” паразважаў пра беларуска-расійскія адносіны і іх перспектывы. Ён прызнаўся, што вельмі скептычна адносіцца да Аляксандра Лукашэнкі. Не можа яму дараваць “стварэння сваёй нацыянальнай міфалагемы”, “вырошчвання ліцьвінства ў элітнай частцы Беларусі” — прапаганды гісторыі ВКЛ як беларускай дзяржавы, на якой выраслі “два пакаленні ліцьвінаў” (падчас службы ў ФСБ афіцэр быў у камандзіроўцы ў Беларусі і знаёміўся з сітуацыяй). Але галоўнае, што абурае Гіркіна (Стралкова), — пазіцыя, якую Лукашэнка заняў у 2014 годзе па ўкраінскім пытанні, калі не прызнаў далучэнне да Расіі Крыма і аказваў дапамогу Кіеву.

“Аляксандр Рыгоравіч сябе паказаў ворагам Расіі і рускага народа… выступіў адкрыта супраць уз’яднання Расіі”, — кажа адстаўны палкоўнік.

Ігар Гіркін (Стралкоў) крытычна адносіцца і да Уладзіміра Пуціна, і ўвогуле да цяперашняй улады ў Расіі, з’яўляецца дзеячам “патрыятычнай апазіцыі”. Ён не згодны з тым, як Масква паводзіць сябе ў дачыненнях з Беларуссю. На яго погляд, такая палітыка прывядзе да страты “апошняга рэальнага магчымага саюзніка”.

“Чым мацней развіваецца сістэмны крызіс у Расійскай Федэрацыі, тым больш улада здзяйсняе незваротных дзеянняў, якія немагчыма будзе выправіць у будучыні ў выпадку, калі тут утворыцца нейкая іншая ўлада, — кажа Гіркін (Стралкоў). — …Сваімі дзеяннямі Крэмль знішчае нават гіпатэтычную магчымасць у будучыні саюза Беларусі і Расійскай Федэрацыі”.

Ён не выключае, што Аляксандр Лукашэнка можа паспрабаваць наладзіць адносіны з Захадам і там яго прымуць, хаця б часова.

Гіркін (Стралкоў): “Урэшце [Лукашэнка мог бы] Смаленск далучыць да Беларусі і ўвайсці ў гісторыю, як першы “вялікі ліцьвін”. Чаму не?”

Палкоўнік ФСБ нагадаў, што Смаленск уваходзіў у склад ВКЛ і толькі ў сярэдзіне XVII стагоддзя канчаткова быў далучаны да Расіі.

Ігар Гіркін (Стралкоў) прыгадаў, што ў 1998-1999 гадах ён быў сведкам размоў у ФСБ на Лубянцы “маёраў, падпалкоўнікаў і нават палкоўнікаў”. Яны гаварылі, што, “калі Лукашэнка адправіць на Маскву батальён, да Масквы дойдзе тры дывізіі, і мы далучымся да яго яшчэ раней”. Але гэта ў мінулым, а цяпер нават цяжка сказаць, ці можна яшчэ лічыць беларускага кіраўніка сябрам Расіі, адзначыў дыверсант, унесены ў “чорны спіс” ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі