Гісторык: Было б сімвалічна, калі б парад пераможцаў прайшоў у Берліне
Еўропа на парозе новага скандалу. Польскі міністр заклікае праводзіць мерапрыемствы з нагоды заканчэння Другой сусветнай вайны не ў Маскве.
Міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына заявіў, што святочны парад перамогі мусіць праходзіць у еўрапейскім горадзе, а не ў Маскве.
“Чамусь мы так лёгка звыкліся з тым, што Масква — гэта месца, дзе ўшаноўваюць канец ваенных дзеянняў, а не Лондан ці Берлін, што было б яшчэ больш натуральным”, — адзначыў Схетына ў эфіры радыёстанцыі RMF.
Словы польскага міністра выклікалі шырокае абурэнне. Так, кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў палічыў такое выказванне блюзнерствам. Не пагадзілася са Схетынам і канцлер Германіі Ангела Меркель.
Тым часам прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі 8 траўня будзе арганізоўваць канферэнцыю, прысвечаную сітуацыі ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, якую плануецца правесці на мысе Вестэрплатэ ля Гданьска. Ён запэўнівае, што яго ініцыятыва не накіраваная на тое, каб “сапсаваць расіянам іх свята ваеннай перамогі”.
“Мая ініцыятыва накіраваная на тое, што планавалася ўжо даўно. Гэтая ідэя не ўзнікла ў апошнія дні. Будзе міжнародная канферэнцыя, арганізаваная Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці, Музеем Другой сусветнай вайны і іншымі інстытутамі. На яе будуць запрошаныя вядомыя гісторыкі, каб абмеркаваць вынікі вайны, абмеркаваць, ці было яе заканчэнне вызваленнем або і з’яўленнем новых праблем”.
Гісторык, рэдактар часопіса ARCHE Аляксандр Пашкевіч мяркуе, што ўся гэтая дыскусія ляжыць не так у гістарычнай плоскасці, як у палітычнай.
“Калі казаць пра права ладзіць святочныя мерапрыемствы, дык яго мае кожная краіна-пераможца, і Расія тут не выключэнне”.
Гісторык лічыць, што хоць Масква і стала традыцыйным месцам для правядзення ўсеагульнага ўзгодненага параду, але ў цяперашніх палітычных рэаліях можна было б знайсці іншае месца. Магчыма, той самы Берлін быў бы не найгоршым.
“Можа, і было б крыху сімвалічна, што ў сталіцы пераможанай краіны праз 70 гадоў праводзяць парад пераможцаў”
І нават калі вялікіх усеагульных парадаў пройдзе два, мяркуе гісторык, — у Маскве і дзе-небудзь у Еўропе, — гэта наўрад ці паўплывае на цяперашнюю палітычную сітуацыю.
“Я лічу, што гэта не будзе мець непасрэднага ўплыву на палітычныя падзеі. Гэта хутчэй наадварот, адлюстраванне міжнароднай палітычнай сітуацыі, якая цяпер склалася ў Еўропе”
Нагадаем, што менавіта ў Маскве 9 траўня будуць святкавацца 70-я ўгодкі Перамогі. Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў, што свой удзел у мерапрыемствах пацвердзіла “ўжо каля двух дзясяткаў кіраўнікоў”.