Гледачы выйгралі суд у арганізатара мінскага канцэрта Cradle of Filth

Дырэктару кампаніі, якая прывозіла сусветнавядомых металістаў, давядзецца выплаціць 100 мільёнаў рублёў! Суд Ленінскага раёна Мінска цалкам задаволіў калектыўную скаргу фанатаў гурта Cradle of Filth, якія не здолелі трапіць на канцэрт.

Нагадаем, выступ легенды цяжкага металу павінен быў адбыцца ў сталічным Лядовым палацы сёлета 20 красавіка. Аднак па невядомых прычынах яго адмянілі. Арганізатары, кампанія Neopolis, адмовілася вяртаць грошы за квіткі і людзі звярнуліся ў суд.

“Мы ім высоўвалі патрабаванні не толькі па кампенсацыі кошту квіткоў, — распавёў Еўрарадыё адзін з заяўнікаў Віктар Кавальчук. — Закон таксама дазваляе нам патрабаваць некалькі відаў пені. Мы таксама гэта запатрабавалі. Суд цалкам прызнаў нашу рацыю і прыняў рашэнне, што кампанія Neopolis павінна цалкам кампенсаваць нашы выдаткі”.

Каля 50 мільёнаў заплаціць арганізатар расчараваным фанатам Cradle of Filth, яшчэ на столькі ж яго аштрафаваў суд за тое, што ён не вярнуў грошы ў добраахвотным парадку. Гэтыя грошы пойдуць у прыбытак дзяржаве.

Па словах Віктара Кавальчука, кампенсацыю павінны атрымаць каля 300 чалавек.

“Заяўнікаў было 127 чалавек, калі я не памыляюся. Але квіткоў на руках у людзей было шмат: для сяброў, знаёмых. Там у выніку кампенсацыю атрымаюць каля 300 чалавек”.

А вось арганізатар на суд не з’явіўся. Паводле некаторай інфармацыі, яго нават няма ў Беларусі. Таму кампенсацыі людзям давядзецца чакаць як мінімум да таго часу, пакуль міліцыя не знойдзе арганізатара. Кажуць, што супраць дырэктара кампаніі Neopolis нават распачата крымінальная справа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі