Гомельскага правакатара Катлярова прысудзілі да 1,5 года калоніі
Яўген Катляроў
Гомельскага правакатара Яўгена Катлярова (ён жа Яўген Какойта і Мікіта Канцавы) прысудзілі да паўтара года калоніі, пра гэта стала вядома рэсурсу "Флагшток". Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме. Катлярова абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
Яшчэ ў 2017 годзе падчас акцый недармаедаў Яўген Катляроў уціраўся ў давер да гомельскіх блогераў, а затым сварыў іх. Пазней ён пачаў ствараць і распаўсюджваць у беларускіх СМІ хлуслівую інфармацыю. У 2021-м адпраўляў фэйкавыя паведамленні ў розныя рэдакцыі ад імя гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай. Вядома, што даносы Катлярова леглі ў аснову абвінавачанняў супраць некалькіх гамельчукоў паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў. Ён быў сведкам у крымінальнай справе гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Аднак у 2023 годзе Катляроў схадзіў на сустрэчу з намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Бараноўскім і напісаў, што "змагары мелі рацыю, уладу трэба дзяўбці і дзяўбці". У студзені 2024-га яго абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмізму", аштрафавалі. Увесну ён знік з сацсетак — быў затрыманы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.