Гомельская вобласць паставіла ультыматум усёй апазіцыі — абраць адзінага

Гомельская вобласць паставіла ультыматум усёй апазіцыі — абраць адзінага

Гомельскія дэмакратычныя актывісты пакідаюць за сабой права адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, калі тэрмінова не будзе абраны адзіны апазіцыйны кандыдат. Такое рашэнне прынятае на сходзе актывістаў дэмакратычных арганізацый Гомельскай вобласці 28 снежня, піша ў Facebook мясцовы актывіст Васіль Палякоў.

“Мы гатовыя працаваць, але гатовыя, калі будзе пэўнасць. Калі будзе пэўная перспектыва. А калі проста ўдзел [у выбарах] дзеля ўдзелу, дык нам гэта не цікава”, — распавёў Палякоў у каментары Еўрарадыё.

У сваім звароце гомельскія дэмакраты звяртаюць увагу на "крызіс у палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай сферах, а таксама знешнепалітычную сітуацыю, якая склалася і звязана з інтэграцыйнымі пражэктамі кіраўнікоў Расіі і Беларусі". На думку гомельскіх актывістаў, пытанне ўлады і выбару дэмакратычнага шляху развіцця Беларусі можа быць вырашана перш за ўсё падчас прэзідэнцкай кампаніі. А эфектыўна супрацьстаяць аўтарытарызму і пагрозе страты незалежнасці краіны можна толькі пры наяўнасці адзінства і палітычнай волі пераважнай большасці апазіцыі.

Таму яны патрабуюць каб на працягу аднаго-двух месяцаў лідары апазіцыйных партый і арганізацый вызначыліся з адзіным кандыдатам у прэзідэнты. "На сённяшні дзень ужо нецікавыя працэдура і механізмы выхаду на адзінага, важны сам вынік", — падкрэсліваюць гамельчукі.

Пасля гэтага неабходна пачаць фармаваць каманду і ініцыятыўную групу адзінага кандыдата, а таксама прыступіць да збору сродкаў для прэзідэнцкай кампаніі — яшчэ да афіцыйнага старту кампаніі.

"У выпадку адсутнасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл пакідаем за сабой права адмовіцца ад удзелу ў камандах дэмакратычных прэтэндэнтаў", — гаворыцца ў заяве.

Гомельскі актывіст Уладзімір Кацора дадаў да заявы сваю папраўку: адзіны апазіцыйны кандыдат у прэзідэнт павінен застацца лідарам аб'яднанай апазіцыі і пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі