ГУБАЗіК не знайшоў "экстрэмізму" ў рамане Марціновіча "Рэвалюцыя"
Раман Віктара Марціновіча "Рэвалюцыя" / svaboda.org
ГУБАЗіК не знайшоў "экстрэмізму" ў рамане Віктара Марціновіча "Рэвалюцыя". Пра гэта паведаміў у сацсетках былы дырэктар выдавецтва "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі. Менавіта гэтае выдавецтва выпусціла раман Марціновіча.
"Сёння быў у ГУБАЗіКу. Вынік — забраў рэабілітаваныя кнігі Віктара Марціновіча "Рэвалюцыя", — напісаў Вінярскі.
Раман выйшаў напярэдадні падзей 2020 года, але ніякага дачынення да Беларусі яго сюжэт не мае. Аднак назва настолькі зацікавіла сілавікоў, што падчас ператрусу ў студзені 2021 года ў "Кнігазбора" забралі "на экспертызу" больш за 500 асобнікаў кнігі.
Дарэчы, у траўні 2021-га дырэктар гандлёвай сеткі "Белкніга" называў "Рэвалюцыю" сярод самых папулярных у пакупнікоў кніг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.