Радзівонаў: Фаварыты — “Порту” і “Шахцёр”, а мы будзем рабіць сюрпрызы

У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ трапіў у групу разам з данецкім “Шахцёрам”, баскскім “Атлетыкам” і партугальскім “Порту”. Трэнер украінскага клуба Мірча Лучэску ўжо зрабіў уласны аналіз наконт шанцаў выйсці ў плэй-оф.

“Напэўна, толькі БАТЭ да гэтага яшчэ не гатовы”, — прыводзіць словы свайго рулявога shakhtar.com.

Але чэмпіён Беларусі вядомы сваім апетытам і наўрад ці будзе статыстам у лігачэмпіёнскім супрацьстаянні.

“Няхай яны думаюць як заўгодна, а наша задача — прайсці далей, — зусім не крыўдзіцца на словы Лучэску абаронца БАТЭ Анры Хагуш. — Калі яны не лічаць нас фаварытамі, то гэта ўсяго толькі іх меркаванне. Лёгка ім дакладна не будзе. За гульнёй лігачэмпіёнскіх канкурэнтаў я не сачыў. Але група ў нас не такая ўжо і моцная. Будзем імкнуцца выйсці далей”.

Форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч паспеў паглядзець некаторыя матчы будучых апанентаў і зрабіць свае высновы.

“Відавочны фаварыт групы — гэта, напэўна, “Атлетык”. Мы бачылі, як яны гулялі з “Напалі”. Відаць, што моцная каманда і людзі індывідуальна вельмі добра аснашчаныя. А ў данецкім “Шахцёры” вельмі шмат бразільцаў, і яны ў многім робяць гульню”.

І Сігневіч, і нападаючы Віталь Радзівонаў перакананыя, што БАТЭ зможа яшчэ больш дадаць у плане фізічных кандыцыі і гульнявога зместу. І нават сыход у французскі “Мец” Сяргея Крыўца, лічы, лідара каманды, не пахісне баяздольнасці БАТЭ.

Віталь Радзівонаў: “Гэта звычайныя словы, але які б карысны ні быў чалавек, незаменных няма. Цягам многіх гадоў у БАТЭ гэтае правіла даказваюць. Штогод БАТЭ развітваецца з лідарамі і тым не менш штогод вырашае сур’ёзныя задачы, прынамсі для Беларусі. Я не сумняваюся, што мы маем рэзервы, каб кампенсаваць гэтую страту. Паправіліся ўжо Дзіма Бага, Саня Паўлаў. Яны могуць згуляць так, каб для каманды гэты трансфер адбіўся як мага менш негатыўна”.

Размаўляючы пра фаварытаў нашай лігачэмпіёнскай групы, Віталь Радзівонаў спасылаецца на статыстыку:

“Усё відавочна. За каманду кажа рэйтынг, зароблены за гады. Таму фаварыты — гэта каманды з першых двух кошыкаў, “Шахцёр” і ”Порту”. А мы і “Атлетык” будзем імкнуцца працаваць на сваё імя і імкнуцца рабіць канкурэнтам сюрпрызы”.

Футбольны эксперт і былы трэнер Людас Румбуціс лічыць, што адсутнасць у саперніках БАТЭ такіх клубаў, як “Рэал” ці “Баварыя” акурат на руку жоўта-сінім.

“Ужо пагулялі з суперклубамі, давайце і з сярэднімі згуляем. Можа, і мы нешта вырабім, — вобразна тлумачыць спецыяліст. — Гэта як у фільме: “А ці не замахнуцца, так бы мовіць, на нашага Уільяма Шэкспіра?”

Пры гэтым Людас Румбуціс падкрэслівае, што меркаванне пра БАТЭ па бюджэце клуба часта ўводзіць сапернікаў у зман.

“Як гэта чалавек з адным доларам можа абыгрываць таго, у якога 100 долараў? А насамрэч можа”, — у доказ футбольны эксперт пералічвае трыумфальныя і ўдалыя матчы жоўта-сініх з “Баварыяй”, “Ювентусам”, “Зенітам” і многімі іншымі клубамі. 

Калі БАТЭ прызвычаілася гуляць у групавой стадыі еўракубкаў і нават грымець там, то “Дынама-Мінск” прабіўся ў групу Лігі Еўропы ўпершыню ў гісторыі. Сапернікі на групавой стадыі — гэта французскі “Генгам”, італьянская “Фіярэнтына” і грэчаскі “ПАОК”.

“Футбалісты “Дынама” не павінныя быць хлопчыкамі для біцця. З першага разу не варта спадзявацца на нешта сур’ёзнае. Але гэта група, дзе “Дынама” можа набіць сабе шышкі і атрымаць неацэнны досвед. У той жа час, па маім паняцці, “Дынама” там некага павінна чапляць”, — спадзяецца Румбуціс.

Бела-сінія згуляюць свой першы матч супраць “ПАОКа” 18 верасня ў гасцях. “БАТЭ” стартуе на выездзе супраць “Порту” на дзень раней.

Фота hbumescop.tumblr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі