Гуркоў пра Далідовіча: Сабраць 15 тысяч долараў для паездкі на Алімпіяду рэальна
Віталь Гуркоў падтрымаў намер вядомага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча самастойна сабраць грошы для ўдзелу ў зімовай Алімпіядзе 2018 года. У эфіры Еўрарадыё 12-разовы чэмпіён свету па муай-тай, які такім жа чынам збіраў сродкі для паездкі на чэмпіянат свету, заявіў, што сабраць неабходную Далідовічу суму цалкам рэальна.
“Мне падаецца, што для беларусаў усё рэальна. Галоўнае, каб была мэта”, — адзначыў Гуркоў.
Нагадаем, што 3 тысячы еўра, неабходныя для паездкі Віталя Гуркова на чэмпіянат свету, былі сабраныя ўсяго за 8 гадзін.
44-гадовага лыжніка Сяргея Далідовіча не ўключылі ў нацыянальную зборную палічыўшы занадта старым. Далідовіч удзельнічаў пад сцягам Беларусі ўжо ў шасці Алімпіядах. Цяпер ён хоча паспрабаваць свае сілы ў сёмай. Для ўдзелу ў Алімпіядзе яму неабходна сабраць 30 тысяч рублёў. Збор сродкаў адбываецца на краўдфандынгавай платформе "Талака".