Хакеісты мінскага "Дынама" выйгралі ў "Лакаматыва" — 4:2
Чацвёртая сустрэча паміж мінскім "Дынама" і яраслаўскім "Лакаматывам" у 1/8 Кубка Гагарына скончылася з лікам 4:2 (2:0, 2:2, 0:0) на карысць "зуброў". Гэта дазволіла мінскай камандзе затрымацца ў плэй-оф КХЛ.
Нагадаем, што паядынкі паміж камандамі ідуць да чатырох перамог адной з іх. "Лакаматыў" ужо выйграў у трох папярэдніх сустрэчах, і матч, які прайшоў 27 лютага на лёдзе "Мінск-Арэны", мог стаць апошнім для мінскага клуба.
Аднак гэтым разам дынамаўцы адразу ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. Першы перыяд яны завяршалі з лікам 2:0. Шайбы забілі Андрэй Сцяпанаў (на 10-й хвіліне) і Аляксандр Паўловіч (16).
Другі перыяд каманды трымаліся на роўных і забілі па дзве шайбы: у дынамаўцаў— Яўген Кавыршын (27) і Андрэй Стась (36), у "Лакаматыва" — Дзяніс Апалькаў (24) і Аляксандр Кадзейкін (28).
У трэцім перыядзе Ілля Шынкевіч забіў яшчэ адну шайбу яраслаўцам, але выявілася, што перад гэтым было становішча "па-за гульнёй". Да канца гульні лік так і не змяніўся — 4:2 на карысць "Дынама".
Пяты паядынак пройдзе 1 сакавіка ў Яраслаўлі.
Тым часам у другі раўнд ужо выйшлі ЦСКА і СКА, якія лёгка перамаглі з аднолькавым лікам у серыі 4:0 адпаведна "Ёкерыт" і "Віцязь". Маскоўскае "Дынама" выйграе ў серыі з "Тарпеда" з лікам 3:1.