Хіпстарскі джаз ля ратушы (фотарэпартаж)
У халодную, дажджлівую, чэрвеньскую суботу 11-га ля ратушы стартуюць любімыя мінчукамі “Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ”. Іх адкрывае галоўны ідэолаг Мінска Ігар Карпенка, які ў сваёй прамове падкрэслівае значнасць фэста для горада. А потым пачынаецца музыка.
Разварушыць публіку, якая толькі вылезла на холад з-пад цёплых коўдраў, даручаюць польскаму квартэту на чале з піяністам Кшыштафам Хердзіным, які аднойчы прыязджаў у Беларусь разам з польскай зоркай Анай Марыяй Ёпэк. Каманда пад назвай Mietek Szcześniak and Krzysztof Herdzin грае джазава-медытатыўныя версіі хітоў Дэвіда Боўі, Джо Кокера і іншых легенд, аднак публіка, падаецца, чакае нечага больш бадзёрага.
Чарговы дождж прымушае раскрыць парасоны, а сітуацыю выпраўляюць Apple Tea: яны граюць сваё ўласнае ды знаёмае.
“Мы вельмі доўга чакалі гэтага дня, — кажа Наталля, яна прыйшла на канцэрт разам з дачкой. — Надвор’е, як заўсёды, усё супала: калі цудоўная музыка, то надвор’е ў кантрасце. Але гэта не перашкаджае. На падобных вечарах я бывала ў Еўропе і маю адчуванне, што Еўропа прыйшла да нас. Гэта вельмі здорава!”.
Натуральна, што надвор’е робіць сваё: людзей значна менш, чым бывае на “джазе”, калі цёпла. Але фанаты “вечароў” тут, пад сцэнай: апрануліся, як капусты, і ловяць кожны гук, які ляціць у прастору. Спраўдная весялосць пачынаецца, калі да Apple Tea далучаецца амерыканскі вакаліст Сачал Васандані — усмешлівы хіпстар ў белай кашулі, дзякуючы якому над плошчай Свабоды гучыць джаз з лацінаамерыканскімі рытмамі.
“Учора я была на выпускным, таму праспала палову дня. Дабралася толькі на Сачала — гэта і было у прынцые мэтай, — прызнаецца спявачка Саша Захарык. — Вельмі крута. Вельмі атмасферна. Вельмі яго шкада, бо як вакаліст, я разумею, што спяваць на такім холадзе цяжка. Вось, бедны, грэе ручкі, глядзі… Але здорава. Apple Tea, як звычайна, мае любімчыкі, а ён — круты вакаліст, я даўно яго ведаю”.
Увогуле сёлета падчас “Джазавых вечароў” можна паесці: у межах плошчы з’явіліся кропкі харчавання са смачнай ежай. Дзяцей таксама можна “здаць” у адмысловую зону, дзе з імі займаюцца аніматары. Адкрытым застаецца толькі пытанне надвор’я.
“Цудоўны вечар, вельмі добра арганізаваны, разнастайная музыка. Карацей, усё на вышэйшым узроўні. Я хаджу сюды штогод, стараюся быць кожны вечар. Прыемна назіраць за развіццём фестываля, малайцы!” — рэзюмуе заўсёдніца “вечароў” Вераніка.
“Джазавыя вечары” працягнуцца 18 і 25 чэрвеня.