ФСБ і горы смецця: як выглядае лясны лагер ваенных інжынераў пад Мінскам
"Без нас ніхто. ФСБ". Як гэта разумець?
Чытач даслаў у рэдакцыю Еўрарадыё фота, зробленае ў лесе пад Мінскам, недалёка ад вёскі Вялікі Трасцянец. На невялікім узгорку выкладзеная фраза: "Без нас ніхто. ФСБ". Магчыма, гэты факт бы нас не зацікавіў, калі б пасля лёгкага пошуку мы не даведаліся, што ўзгорак з надпісам знаходзіцца на тэрыторыі ляснога лагера ваенных інжынераў.
Дарэчы, дэвіз "Без нас ніхто" выкарыстоўваюць у інжынерных войсках, а зусім побач размешчана вайсковая часць 31802 — яна ж 2-я інжынерная (маскіровачная) брыгада. Тое, што ў беларускай арміі ёсць прыхільнікі расійскіх сілавікоў, не сакрэт. Мы вырашылі паглядзець, як уладкаваны лагер і што там адбываецца.
На падыходзе нас сустракае замаскаваны мохам самаробны шлагбаум.
Мы на месцы. Яўна адчуваецца, што руку да "добраўпарадкавання" лесу прыклалі сілавікі. Такія лясныя сцяжынкі, размечаныя агароджамі з арэшніку, — традыцыйная штука ў арміі.
Вакол нас розныя збудаванні, падобныя да буданоў. У кожнага з іх ёсць сваё функцыянальнае прызначэнне. Альтанка, курылка, клас для навучальных заняткаў, месца для прыёму ежы — далёка не поўны пералік таго, чым могуць быць гэтыя хісткія канструкцыі.
Адышоўшы крыху далей, знаходзім зямлянку. Яе прызначэнне становіцца зразумелым, калі мы спускаемся ўнутр. Гэта камора.
Ёсць нават спецыяльна абсталяваныя прыбіральні. Ну як абсталяваныя...
Абрывак газеты “Во славу Родины”, якую выпісваюць у вайсковых часцях Беларусі. Хоць можна, вядома, выказаць здагадку, што беларускую вайсковую газету ў лесе пад Мінскам чытае хтосьці, хто не мае дачынення да войска...
Вайскоўцы прынеслі не толькі газеты. Каля драўлянага каркаса ў кучу звалены хлам.
На палявыя выхады і вучэнні вайскоўцаў абавязваюць браць з сабой смеццевыя пакеты. Дзесьці сочаць, каб бытавое смецце збіралі ў пакеты, але яўна не тут. На тэрыторыі навучальнага лагера хапае месцаў, дзе ямы са смеццем нават не знайшлі часу замаскаваць.
Сярод хламу, пакінутага ў лесе, мы знайшлі дэталі мэблі з інвентарнымі нумарамі. Воінская часць 31802 — гэта тая самая інжынерная брыгада, размешчаная недалёка ад Трасцянецкага палігона і гэтага лагера.
Нікога, хто мог бы нам растлумачыць наконт абрэвіятуры ФСБ, у лесе цяпер няма. Але спадзяёмся, што беларускія вайскоўцы самі зададуць сабе пытанне пра тое, чаму яна выкарыстоўваецца ў інжынерных войсках. А яшчэ спадзяёмся, што калі хто-небудзь іншы выпадкова наткнецца на гэты лагер пасярод лесу, то больш ужо не ўбачыць там гор хламу і смецця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.