Хлопец з "Пагоняй" на целе: Гісторыя з міліцыяй на "Купальскім коле" ― няпраўда

Хлопец з "Пагоняй" на целе: Гісторыя з міліцыяй на "Купальскім коле" ― няпраўда

26 чэрвеня ў комплексе Камарова пад Мінскам праходзіць музычны фэст "Купальскае кола". Збіраецца шмат людзей з усёй краіны. У тым ліку з Полацка прыязджае будаўнік Віталь Сакалоўскі. Віталь любіць і шануе гісторыю і гістарычныя сімвалы. На ім майка з "Пагоняй". Пад ёй на грудзях тату ― таксама з гістарычным гербам ВКЛ. Хлопец прыходзіць на фэст, там яго спыняюць міліцыянты, прымушаюць зняць кашулю. Маўляў, незарэгістраваная сімволіка. Віталь кашулю здымае, пад ёй яшчэ адна "Пагоня". Міліцыянты прысаромленыя, адпускаюць хлопца. Ён фатаграфуецца і выкладвае фота ў інтэрнэт, збірае сотні лайкаў і рэпостаў, дзясяткі каментаў кшталту "рэспект табе, сапраўдны патрыёт".

Хлопец з "Пагоняй" на целе: Гісторыя з міліцыяй на "Купальскім коле" ― няпраўда

Такую версію мінскіх прыгодаў палачаніна Віталя Сакалоўскага пасля "Купальскага кола" распаўсюдзілі дзясяткі паблікаў у сацсетках і адразу некалькі незалежных СМІ, у тым ліку, і Еўрарадыё, чым моцна здзівілі самога Сакалоўскага. Ён расказвае, што насамрэч ўсё выглядала зусім іначай:

"Майку мяне папрасілі зняць мужчына з дзяўчынай, якія гандлявалі на фэсце ў намёце "symbal.by". Яны і сфатаграфавалі мяне. Я дзяўчыну ведаў, мы бачыліся некалькі разоў на беларускіх фестывалях", ― сцвярджае Сакалоўскі.

Ён дадае, што просьба зняць майку і сфатаграфавацца яго не здзівіла ― татуіроўкі даўно прыцягваюць увагу людзей і нехта пастаянна просіць сфатаграфавацца разам альбо распытвае пра іх.

Далей падзеі развіваліся імкліва. У нейкі момант прысутныя на "Купальскім коле" людзі пачынаюць пазнаваць Сакалоўскага і нават паведамляюць палачаніну, што ён стаў "зоркай інтэрнэта":

"Там на месцы інтэрнэт благі быў, я нічога не бачыў. Але ў нядзелю праходзіў нейкі хлопец і кажа, што я зорка інтэрнэта. Пытаюся ў яго, што здарылася? І чую, што "Наша Ніва" апублікавала інфармацыю. Як быццам мяне затрымалі міліцыянты. Маўляў, яны папрасілі зняць майку з "Пагоняй". А калі я прыехаў у нядзелю дадому позна ўначы, залез у інтэрнэт — вочы ў мяне ўверх палезлі".

Было ад чаго. Бо ўвесь фэст "Купальскае кола" абслугоўвалі ўсяго тры супрацоўнікі праваахоўных органаў, а сам Віталь сустрэў іх толькі калі яны мірна елі шашлык. І праз сваю майку ды татуіроўкі не меў ніякіх праблем. Яны, такія праблемы, апошні раз узнікалі з год таму на адным з рыцарскіх фэстаў і супрацоўнікі гандлёвай кропкі " symbal.by" пра іх не ведалі.

Хлопец з "Пагоняй" на целе: Гісторыя з міліцыяй на "Купальскім коле" ― няпраўда

Піяр нейкі. Раздулі гісторыю аб тым, што прыніжаюць нашу сімволіку. Мне вельмі непрыемная гэтая сітуацыя.

Віталь Сакалоўскі

Каментарый прадстаўніка "symbal.by" Паўла Белавуса:

Хлопец з "Пагоняй" на целе: Гісторыя з міліцыяй на "Купальскім коле" ― няпраўда

Праўда гэта ці не, я да канца не ведаў. Мне вось так распавялі. І я гэтую гісторыю ў такім фармаце і выклаў. Зразумела, што мы не інфармацыйнае агенцтва і мы не можам і не маем задачы рабіць нейкую навіну з гэтага. Ці проста скандальную гісторыю. Проста такі цікавы факт, што папрасілі зняць цішотку з "Пагоняй". А там у яго яшчэ большая "Пагоня". Проста нам спадабалася сама гісторыя. Мы зразумелі, што яна будзе віруснай.

Павел Белавус

І дадае, што не хацеў пакрыўдзіць сваім учынкам ні палачаніна Віталя Сакалоўскага, ні арганізатараў фэсту "Купальскае кола".

 

Аднак па ўсім бачна, што ўсё ж пакрыўдзіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі