На Бярэзіне "Газпрам" будуе за калючым дротам базу адпачынку

На Бярэзіне "Газпрам" будуе за калючым дротам базу адпачынку

Каля вёскі Паліцкае Асіповіцкага раёна на беразе Бярэзіны беларускі "Газпрам" плануе пабудаваць турыстычны комплекс. Участак, на якім мяркуецца будаўніцтва, агароджаны калючым дротам, піша tut.by са словаў вядомага дзеяча Анатоля Шумчанкі.

Як паведаміў Шумчанка, "Газпрам" выкупіў вялізную тэрыторыю пад будаўніцтва туркомплексу. Акрамя калючага дроту тэрыторыю ахоўвае міліцыя. Міліцыянты паведамілі Шумчанку, што аб'язджаюць па перыметры 13 км. Для параўнання: даўжыня Мінскай кальцавой аўтадарогі — 56 км.

Шумчанка адзначае. што агароджа з калючым дротам спускаецца проста да ракі, то бок захоплівае прыродаахоўную зону.

Як адзначае tut.by, пра будоўлю было вядома яшчэ летась. У раёне нават правялі грамадскае абмеркаванне праекта. Згодна з тлумачальнай запіскай, агульная плошча вылучанага ўчастка складае 262,47 га. ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь" атрымала яго ў арэнду на 99 гадоў.

Тут павінны з'явіцца віп-комплекс на 7 ложка-месцаў з тэніснымі кортамі, двухпавярховы гатэль на 20 ложка-месцаў з канферэнц-залай, абедзеннай залай, фізкультурна-аздараўленчымі памяшканнямі. Таксама павінны пабудаваць дом паляўнічага на 10 ложка-месцаў і такі ж дом рыбалова, а яшчэ лазню.  

У кампаніі "Газпрам трансгаз Беларусь" аб праекце гаварыць адмовіліся, пакуль не аформленыя ўсе матэрыялы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі