Адзін працоўны дзень сярод выходных выцягне эканоміку, лічыць прэм'ер
Раман Галоўчанка на працы
Адзін працоўны дзень сярод выходных выцягне эканоміку, лічыць прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. У эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканала ён паспрабаваў патлумачыць, чаму беларусы будуць працаваць у пятніцу, 3 студзеня 2025-га. Гэты дзень разбівае тыднёвы адпачынак.
"Я гэта нейкай праблемай наогул не лічу, — кажа прэм'ер. — Усё ж такі тыдзень — гэта практычна поўнае расхалоджванне або замарозка эканомікі. Мы цяпер не ў тых умовах, каб дазволіць сабе такія доўгія вакацыі".
Пры гэтым Галоўчанка кажа, што "кожнае прадпрыемства мае права прыняць рашэнне, якое больш падыходзіць для іх вытворчых мэтаў". Ён прызнае, што не ўсе захочуць "на адзін дзень запусціць абсталяванне, ну, напэўна, гэта не вельмі эканамічна эфектыўна".
А яшчэ прэм'ер-міністр лічыць, што "з пункту гледжання захавання графіка працы і адпачынку не вельмі добра, калі ты спачатку тыдзень адпачываеш, а потым працуеш два тыдні запар з адным выхадным". Як вядома, працоўны дзень з панядзелка, 6 студзеня, урад перанёс на 11 студзеня. Перанос з 3 студзеня вырашылі не рабіць, і цяпер Раману Галоўчанку даводзіцца тлумачыць мэтазгоднасць такога рашэння. Паводле яго слоў, для эканомікі гэта "самае збалансаванае і аптымальнае рашэнне".
Такім чынам выходнымі ў РБ будуць 1-2 і 4-7 студзеня 2025-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.