Хто такі Эрык Рубін, які правёў перамовы з Лукашэнкам?

Санкцыі ЗША ў дачыненні да Беларусі будуць дзейнічаць, пакуль афіцыйны Мінск не выканае ўмовы для іх адмены. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін, які наведаў Мінск 26-28 лютага. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а таксама меў перамовы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, з апазіцыяй і сваякамі палітвязняў.

Паводле слоў амерыканскага чыноўніка, санкцыі супраць Беларусі ўвялі праз сітуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй у нашай краіне. Але пры гэтым Рубін сказаў, што ЗША лічаць важным працягваць працу над паляпшэннем адносінаў з Беларуссю, хоць паміж краінамі існуюць рознагалоссі, у прыватнасці, у пытаннях правоў чалавека. Прадстаўнік Дзярждэпа сказаў у інтэрв’ю БелаПАН, што падчас сустрэчы з беларускімі ўладамі бакі сышліся ў меркаванні, што трэба працягваць працу па пошуку рашэнняў.

“Мы лічым, што развіццё адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, падтрымка незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, падтрымка эканамічнага росту, гандлю, стварэння працоўных месцаў не канфліктуюць з тымі сферамі, у якіх у нас існуюць рознагалоссі. Насамрэч мы лічым, што паляпшэнне адносінаў паміж ЗША і Беларуссю ў праблемных сферах можа пазітыўна паўплываць на ўсе сферы”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і ЗША знаходзяцца, мякка кажучы, у халоднай стадыі з траўня 2008 года. Нягледзячы на гэта, амерыканскія дыпламаты прыязджалі не так і рэдка.

Апошні раз амерыканскія дыпламаты сустракаліся з кіраўніком Беларусі больш за 5 гадоў таму, у чэрвені 2009. На ніжэйшым дыпламатычным узроўні прадстаўнікі амерыканскага Белага дома бывалі ў нас часцей — у жніўні і верасні 2014. Тады сярод іх быў і Эрык Рубін, намеснік памочніка дзяржсакратара.

Хто ж такі Эрык Рубін, і што хавае за сабою непрыкметная на першы погляд пасада “намеснік памочніка дзяржсакратара”?

Паводле інфармацыі сайта Дзярждэпа, Эрык Рубін прыступіў да выканання сваіх абавязкаў як намеснік памочніка дзяржсакратара ў Бюро па справах Еўропы і Еўразіі ў ліпені 2011 года. У гэтай якасці ён адказвае за пытанні, звязаныя з Усходняй Еўропай, Каўказам і рэгіянальнымі канфліктамі ў Еўропе. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка кіраўніка місіі пасольства ЗША ў Маскве (2008-2011 гады).

Дыпламатычная кар’ера Рубіна ў Дзяржаўным дэпартаменце пачалася ў 1985 годзе. Ён працаваў дыпламатам у Гандурасе (1986-1988), у Кіеве (1994-1996), у Тайландзе (2001-2004). Разам з тым быў супрацоўнікам Упраўлення па справах Савецкага Саюза (1989-1991), афіцэрам спраў бяспекі па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (1991-1993) і яшчэ на шэрагу дыпламатычных пасадаў.

Таксама працаваў на кіраўнічых пасадах ва ўніверсітэтах Вірджыніі і Джорджтаўна. Валодае тайскай, іспанскай, французскай, украінскай і рускай мовамі.

Цікава тое, што памочнік намесніка дзяржсакратара сустракаецца звычайна ледзь не з самымі высокімі прадстаўнікамі ўладаў, у тым ліку з прэзідэнтамі. Часта для рашэння вострых канфліктаў.

Так, Эрык Рубін неаднаразова сустракаўся ў 2012 годзе з прэзідэнтам і міністрам абароны Грузіі Міхаілам Саакашвілі ды Іракліем Аласаніям, у 2013-м — з кіраўніцай МЗС Грузіі Маяй Панджыкідзэ. Выглядае, што менавіта гэты амерыканскі дыпламат быў прадстаўніком амерыканскага боку ў рэгуляванні грузінска-расійскіх адносінаў. У 2013-м ён таксама сустракаўся з міністрам замежных спраў Арменіі Эдвардам Налбандзянам і пасля з яго азербайджанскім калегам для кансультацый па карабахскім канфлікце. У верасні 2014 памочнік намесніка сустракаўся з прэм’ер-міністрам Малдовы Юрыем Лянкэ.

Сёлета Эрык Рубін сустрэўся з кіраўніком Беларусі. Афіцыйныя паведамленні пра вынікі перамоў зусім скупыя: маўляў, бакі абмеркавалі двухбаковыя адносіны Беларусі і ЗША, правы чалавека і дэмакратызацыю, стан беларускай эканомікі, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі, уключаючы сітуацыю ва Украіне. Рубін адзначыў станоўчую ролю Беларусі ў пошуках мірнага вырашэння сітуацыі ва Украіне і падкрэсліў падтрымку Злучанымі Штатамі суверэнітэту і незалежнасці ўсіх дзяржаў. Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША абмеркаваў магчымасці пашырэння супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць.

Фота: прэс-служба пасольства ЗША

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі